Багамол – у Івацэвічах

Гэтае насякомае ў рэдакцыю райгазеты прынёс наш чытач Васіль Іванавіч Р., жыхар Івацэвічаў. Расказаў, што гэтая істота сядзела на дзвярах у дом; Васіль Іванавіч злавіў яе, змясціў у паўлітровы слоік, каб не ўцякла.

– Усё жыццё пражыў у Івацэвічах, але такой «саранчы» ніколі не бачыў, хаця я чалавек назіральны і цікаўлюся навакольным асяроддзем, – расказвае наш чытач. – Можа, якую «дыверсію» хто задумаў? Нібы каларадскага жука калісьці? Адкуль гэтая істота з’явілася?

Як высветліў «ІВ», дадзенае насякомае – багамол. Яго з’яўленне тлумачыцца глабальным пацяпленнем: клімат Беларусі раней быў маласпрыяльным для гэтай істоты, арэал распаўсюджвання якой – поўнач Афрыкі, поўдзень і захад Еўропы, поўдзень Азіі… Але мяккія цёплыя зімы, спякотны летні перыяд паспрыялі таму, што гэтае драпежнае насякомае рушыла на поўнач – і вось ужо прыкладна 10 гадоў назад у Беларусі быў «затрыманы» першы багамол.

Дарэчы, фермеры заходняй Еўропы «заахвочваюць» гэты від прамакрылых, якія харчуюцца другімі насякомымі – жукамі, гусеніцамі, нават восамі. Самка багамола амаль у два разы большая за самца, гэты від вызначаецца тым, што ў шлюбны перыяд самка можа дазволіць сабе з’есці бацьку сваіх дзяцей.

Для чалавека багамол не нясе вялікай небяспекі, хаця можа і «ўшчыпнуць».

Аляксандр ГОРБАЧ.