Івацэвіцкі раён – у ліку тых, дзе беларускую мову лічаць роднай больш за 80% жыхароў

Гэта дадзеныя з прайшоўшага ў мінулым годзе перапісу. Інтэрактыўную карту стварыў Альфа-банк (https://www.alfabank.by/articles/perepis-2019-part1/). Там можна пабачыць усе рэгіёны краіны з дадзенымі перапісу адносна роднай мовы.

Такім чынам, усяго ў нашым раёне пражывае 53 478 чалавек. Беларускую мову роднай лічаць 44661 чалавек (83,5%), рускую мову – 8130, іншую мову – 687 чалавек.

Трэба адзначыць, што з такім паказчыкам – больш за 80% – у краіне ўсяго 13 раёнаў, і размешчаны яны амаль усе ў Брэсцкай вобласці.  На жаль, ва ўсходняй частцы Беларусі гэты паказчык змяншаецца да 40 і меней працэнтаў. Найменш людзей лічаць беларускую мову роднай у Добрушскім раёне – усяго 23,4%.

Але вернемся ў наш раён.

Так, радуе, што мы не выракаемся матчынай мовай і лічым яе сваёй роднай. Але ж у хатнім ужытку карыстаецца ёй куды менш за 80%. Так, у лістах перапісу толькі 22,6% жыхароў раёна – гэта 12078 чалавек – пазначылі, што карыстаюцца дома роднай беларускай мовай. А найбольш карыстаюцца ў паўсядзённым жыцці беларускай мовай жыхары Іўеўскага раёна – 73,3%.

Падрыхтаваў Валерый Гапееў.