Студыя прыгажосці «Мадэрн» адкрылася ў Целяханах і адразу стала папулярнай

Сёння для прыватнага прадпрымальніцтва вельмі шырокія магчымасці. І ў Целяханах летам пачала працаваць у арандаваным памяшканні былой прыватнай дзіцячай крамы прыватная студыя прыгажосці.
Працуюць у ёй два цырульнікі і два майстры па манікюру: Вольга Капыціч, якая арандуе памяшканне як фізічная асоба, Вікторыя Піліпейка, Наталля Фядковіч і Наталля Шумарава.
Целяханцы і жыхары навакольных вёсак ацанілі па вартасці ўзровень аказання паслуг у гэтай студыі прыгажосці: кажуць, што тут працуюць сапраўдныя майстры сваёй справы, – дзяўчаты творчыя і амбіцыйныя. Тут вельмі прыгожа стрыгуць, стрыжкі модныя і да твару кожнай жанчыне і дзяўчыне, умеюць прафесійна пафарбаваць валасы, зрабіць макіяж і прычоску да ўрачыстасці, а якія прыгожыя бровы пасля студыі – залюбуешся. І на манікюр так проста не патрапіць, усе па запісе, таму што робяць усё якасна, па-мастацку і па даступных цэнах. А яшчэ ў кожнай работніцы, акрамя аказання паслуг у студыі, ёсць асноўнае месца працы, дзе яны працуюць таксама з агеньчыкам.
Валянціна Бобрык.