Зафіксаваны чарговы факт рабавання гандлёвай кропкі ў Івацэвічах

37-гадовы мужчына зайшоў у магазін райспажыўтаварыства па вул. М. Танка ў Івацэвічах, узяў дзве бутэлькі гарэлкі і дзве банкі піва – і накіраваўся на выхад. Прадаўцы кінуліся за ім, а ён толькі дадаў ходу.
Уцячы далёка злодзею не ўдалося яшчэ і таму, што грамадзянскую свядомасць праявіў мужчына, што праходзіў міма. Ён затрымаў зламысніка і ўтрымліваў, пакуль да гандлёвай кропкі не прыбылі супрацоўнікі міліцыі.
Дзве непаўналетнія навучэнкі Івацэвіцкага прафліцэя сельгасвытворчасці ўкралі ў нашым райцэнтры два горныя веласіпеды – спачатку ад шматпавярхоўкі па вул. Механізатараў, пасля – ад магазіна «Эдэльвейс» (абодва транспартныя сродкі былі не прышпіленыя). І ў дадзеным выпадку зладзейкам не ўдалося скарыстацца ўкрадзеным: з «Эдэльвейса» выскачыла гаспадыня «горніка» і пабегла за дзяўчатамі, у ходзе пагоні выклікала міліцыю…
Узбуджана крымінальная справа.
Жыхарка Івацэвічаў пазнаёмілася з мужчынам, які адбываў пакаранне ў адной з папраўчых калоній. Чакала яго вызвалення. Дачакалася – і пара стала сужыцелямі. Але прайшло некалькі месяцаў, і бацькі жанчыны звярнулі ўвагу, што з кватэры прапалі даволі дарагія залатыя вырабы. Выклікалі міліцыю. Удалося ўстанавіць наступнае: крадзеж здзейсніў «зяць», які так і не стаў на шлях выпраўлення; свабодны доступ золата не даваў яму спакойна жыць. Украў, прадаў таксістам.
І тут узбуджана крымінальная справа.
Аляксандр КІКУН,
начальнік аддзялення крымінальнага вышуку Івацэвіцкага РАУС.