Бойка ў “Санце”

На гадзінніку было каля 22-х гадзін вечара, калі ў магазіне «Санта» ў Івацэвічах раптоўна пачалася бойка паміж двума пакупнікамі – маладымі мужчынамі. Ахоўнікі выклікалі міліцыю.
Вось што стала вядома: 25-гадовы і 19-гадовы пакупнікі штосьці не падзялілі ў аддзеле з гарэлачнымі вырабамі, яны штурхнулі адзін другога, перакінуліся «гарачымі» словамі і, здаецца, разышліся. Але гэтыя разборкі моцна разгневалі больш дарослага ўдзельніка сутычкі; ён вырашыў па-сапраўднаму адпомсціць і праз мінуту-другую ў гандлёвай зале «Санты» накінуўся з кулакамі на 19-гадовага «ворага»… У адносінах да 25-гадовага жыхара Івацэвічаў узбуджана крымінальная справа па арт. «Хуліганства».
***
У ААТ «Мічурынск» і «Перамога» зафіксаваны дробныя крадзяжы – шыферу і металалому. Зладзеі ўстаноўлены, у адносінах да іх узбуджаны крымінальныя справы. Просім кіраўнікоў гэтых і іншых гаспадарак утрымліваць матэрыяльныя каштоўнасці ў месцах, якія ахоўваюцца, а таксама сачыць, каб вартаўнікі ахоўвалі па начах маёмасць, а не спалі.

Яўген МІХНЮК, начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Івацэвіцкага РАУС.