Івацэвіцкае райста нарыхтавала белых грыбоў больш за ўсе спажывецкія таварыствы вобласці

Івацэвіцкія кааператары не першы год сярод лідараў вобласці і краіны па асноўнай дзейнасці ў цэлым і па асобных кірунках.

Займаюцца нарыхтоўкай дзікарослай расліннасці не толькі філіял «Каапнарыхтпрам», а і філіял «Аптовая база», і «Філіял «Лотас», і Целяханскі філіял. Калі апошнія вядуць нарыхтоўку і потым прадаюць закупленае на рынку і ў сваіх гандлёвых кропках, то філіял «Каапнарыхтпрам» займаецца нарыхтоўкай лясных и іншых дароў больш грунтоўна. Тут нарыхтаванае перапрацоўваецца, закладваецца на сезоннае захаванне і для паставак на экспарт.
– Сёлетні грыбны сезон склаўся значна эфектыўней, – кажа дырэктар філіяла
«Каапнарыхтпрам» Сяргей Вабішчэвіч. – Грыбоў «выстраліла» ў лясах раёна ў верасні багата. На 23 верасня філіялам нарыхтавана каля сямі тон грыбоў. Асноўную частку нарыхтоўкі складаюць белыя грыбы – каля шасці тон, астатняе – падбярозавікі і падасінавікі.
Самай рэсурснай зонай стала сёлета Целяханшчына, адзначае дырэктар філіяла. Асноўная частка паступленняў грыбоў была з гандлёвых кропак, нарыхтоўчых пунктаў і ад пазаштатных нарыхтоўшчыкаў гэтага краю, якія з году ў год працуюць на нарыхтоўцы дзікарослай расліннасці. Вызначыліся два пазаштатныя нарыхтоўшчыкі: Людміла Хоміч з в. Вялікая Гаць і Таццяна Туманік з Вулькі-Целяханскай. Таццяна Паўлаўна, дарэчы, казала, што пастаянныя здатчыкі, а працуе яна не першы год, і яе, як вопытнага работніка, здзіўлялі рэкорднымі пастаўкамі. «Уявіце, за адзін раз жыхар вёскі Вулька-Целяханская Аляксандр Мялік прывозіць 28 кілаграмаў белых грыбоў першага гатунку – а гэта самых маладзенькіх грыбочкаў дыяметрам шапачкі не болей чатырох сантыметраў! А потым як стаў насіць ванначкі з астатнімі грыбамі, то набралася больш за сто кілаграмаў», – расказвае Таццяна Паўлаўна. – Некаторыя прывозілі крамяныя белыя грыбы па некалькі разоў на дзень, некаторыя здавалі па 50- 60 і больш кілаграмаў. Самыя актыўныя: Аляксандр Мялік з Вулькі-Целяханскай, Наталля Бугук з Выганашчаў, Сяргей Кушнерык з Соміна. Глядзіш на гэтае багацце і сам ў вольны час бяжыш у лес, бо не вытрымаць. На днях у выхадны паехала ў лес, то таксама «ўлоў» у восем вёдзер умясціўся. Такія прыгажуны, чыстыя, здаровыя проста ў вачах стаяць і вечарам. Сёння на рабоце, то аж не магу, так хочацца ў лес. Сабе насушыла толькі белых, а ўсё роўна еду ў лес у кожную свабодную хвіліну, ужо і сама здаю». У самыя ўдалыя дні актывісты-нарыхтоўшчыкі з Целяханскага краю нарыхтоўвалі за дзень каля паўтоны грыбоў кожны!
Дырэктар філіяла Сяргей Вабішчэвіч каментаваў, што Быценскі бок, самы багаты на грыбы штогод, у гэтым сезоне крыху прасеў, а Дабромысленскі – Дабромысль, Глядзенне, Закаплічча і іншыя лясныя зоны каля вёсак у кірунку Баранавіцкага раёна – таксама парадавалі ўраджаем грыбоў. Сезон быў кароткатэрміновы, дзесьці на працягу двух тыдняў, пік прыйшоўся на сярэдзіну верасня, а потым грыбоў стала паступаць мала – 10-15 кілаграмаў. У выхадныя прайшлі дажджы, то па прыкметах яны будуць яшчэ некаторы час спрыяць збору. А наперадзе сезон для іншых асенніх відаў грыбоў – апенек, зялёнак, падзялёнак… Іх будуць перапрацоўваць на грыбаварачным пункце ў Манцютах, што на Быценшчыне.
Белыя грыбы ў замарожаным выглядзе адпраўляюцца ў Польшчу. Вытворчая магутнасць халадзільных камер дазваляе закладваць звыш сотні тон прадукцыі.
«У нас заключаны кантракт з польскім бокам, і незалежна ад таго, які аб’ём мы можам нарыхтаваць, яны гатовы забраць нашу прадукцыю цалкам. Цана залежыць ад якасці і сортнасці, – заўважае Сяргей Іванавіч. – Бяруць белыя грыбы за мяжой ахвотна. Прадстаўнікі польскага боку прыязджалі калісь да нас, паказвалі, якія патрабаванні ў іх да нарыхтоўкі, і цяпер мы адпраўляем іх туды з году ў год. Лісічкі – увесь аб’ём, які быў нарыхтаваны, а гэта каля 800 кілаграмаў, рэалізаваны выязным гандлем у Мінску, Брэсце і ў нас, у Івацэвічах».
Цяпер івацэвіцкія кааператары прыступаюць да нарыхтоўкі журавін. Астаткі брусніц і журавіны пакуль рэалізуюцца на мясцовым рынку, у рознічнай гандлёвай сетцы. Чарніц адгружана на Еўропу звыш ста тон, каля трох тон рэалізаваны на ўнутраным рынку. Сезон чарніц, дарэчы, сёлета пачаўся з першых дзён ліпеня і доўжыўся да пачатку верасня. І нават першая дзесяцідзёнка верасня прыносіла па 100-150 кілаграмаў чарніц за дзень.
Кіраўнік філіяла адзначыў, што сёлета быў багаты ўраджай вішні. Усё нарыхтаванае прадавалася на рынку ў Мінску. Вывозілі па тоне гэтай ягады, і людзі ахвотна куплялі яе, казаў Сяргей Іванавіч. Крыху зменшыўся аб’ём нарыхтоўкі чырвоных і чорных парэчак.
Закупляе нарыхтоўчая кантора Івацэвіцкага райста і гародніну ў фермераў і людзей. «Агуркі солім прамым пасолам і ўдзельнічаем у тэндарах на пастаўку ў закрытыя ўстановы, а яшчэ засоленыя агуркі закладваем у невялікую тару і адпраўляем вялікімі аб’ёмамі на экспарт у Расію. У мінулыя гады агуркі ішлі на «ўра», спа-
дзяёмся, што і сёлета будзем адпраўляць, – расказвае Сяргей Вабішчэвіч. – Капусту квасім, у асартыменце яна ў нас ідзе з морквай, з кмінам, з бураком. Робім салаты – морква па-карэйску, морква з баклажанамі, морква пікантная… Салаты са свежамарынаванай капусты, салат з марынаваных буракоў. Перапрацоўваем зялёны тамат, яблыкі мочаныя карыстаюцца попытам. Сёлета закупілі тону антонаўкі – ідзе працэс ферментацыі, а потым будзем рэалізоўваць у рознічнай гандлёвай сетцы».
Дарэчы, саленні і марынаваную прадукцыю івацэвіцкія кааператары навучыліся рабіць добра, водгукі толькі станоўчыя, атрымліваецца смачна, як у добрай гаспадыні.
У гэтыя дні пачалася актыўная нарыхтоўка гародніны для закладкі на сезонны перыяд 2020-2021 года. Бульбы ўжо закуплена каля 80 тон з запланаваных 120, цыбулі заклалі 50 тон, капусты будзе закладзена да 100 тон у свежым выглядзе, морквы і буракоў – болей за 20 тон. Яблыкі таварныя нарыхтоўваюцца, а яблыкі-апад адпраўляюцца на перапрацоўчыя прадпрыемствы вобласці і для дзіцячага харчавання ў Клецк на прадпрыемства. Асаблівасць гэтага сезона ў тым, што івацэвіцкія кааператары займаліся нарыхтоўкай ад фермераў Іванаўскага і Драгічынскага раёна кавуноў і рэалізоўвалі іх у Івацэвіцкім раёне.
Напрыканцы сустрэчы Сяргей Іванавіч заўважыў, што рабіны чырвонай на гронцы адправілі ў Польшчу паўтары тоны, усё што нарыхтавалі. І там пытаюць яшчэ, а гэта значыць, што можна зарабляць як філіялу, так і людзям.
Валянціна БОБРЫК.
Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.