Жанчына ляжала на зямлі болей за суткі

Жыхар Івацэвічаў Уладзімір Собка ў мінулы панядзелак, 28 верасня, ехаў электрацягніком з Бярозы ў Івацэвічы.
Вяртаўся з работы, на гадзінніку было прыкладна 17.30. Калі цягнік пераехаў раку Жыгулянку і пачалася тэрыторыя Івацэвіцкага раёна, мужчына на адлегласці ў 20-25 метраў ад дарожнага палатна ўбачыў нейкі прадмет, які ляжаў у траве. Гэта было штосьці падобнае на жывую істоту. Але хто? Жывёла? Чалавек?
Электрацягнік на гэтым перагоне рухаецца хутка, дакладна разглядзець магчымасці не было. На наступны дзень Уладзімір Собка, вяртаючыся з работы гэтай жа электрычкай, ужо чакаў той участак за Жыгулянкай, каб прыглядзецца больш уважліва. На гэты раз яго нібы токам ударыла – чалавек там ляжыць!
Як толькі Уладзімір Собка прыбыў у Івацэвічы, то адразу накіраваўся ў лінейны пункт міліцыі на чыгуначным вакзале. Сустрэў нарад міліцыі, расказаў ім пра тое, што ўбачыў. У справу ўключыліся супрацоўнікі Івацэвіцкага РАУС, яны выехалі ў той раён каля Жыгулянкі.
Там, у траве, непадалёку ад чыгуначнага палатна, сапраўды ляжала жанчына. Жывая, хаця, трэба разумець, што знаходзілася яна на адным месцы болей за суткі, пераначавала – моцнае абязводжванне, пераахаладжэнне. Яна жыхарка Бярозы, 1968 г. н., мае псіхічнае захворванне. Прыкладна 10 сутак яе шукалі родныя, міліцыя, нават актывісты пошукава-выратавальнага атрада «Анёл»…
А знайшоў, як бачыце, наш зямляк з Івацэвічаў, нераўнадушны чалавек Уладзімір Юльянавіч Собка, якому выказваем вялікую падзяку. Здароўю гэтай жанчыны зараз нічога не пагражае.
Праблема ў тым, што паводзіны псіхічна-хворых – малапрадказальныя. Вышукваць іх вельмі цяжка. Таму просім кожнага быць неабыякавым, уважлівым, бо, як сведчыць гэты выпадак, нават з акна электрычкі можна ўбачыць многае.
Ларыса КОЛБІК, намеснік начальніка Івацэвіцкага РАУС.