Мужчына, які адправіўся па журавіны і знік, знайшоўся жывым

1 кастрычніка, 58-гадовы жыхар аг. Святая Воля Мікалай К. раніцай накіраваўся на матацыкле за журавінамі ва ўрочышча «Бабчына» – кірунак да вёскі Бабровічы (прыкладна 10 кіламетраў ад Вялікай Гаці). Сястра Мікалая К. устрывожылася, што вечарам ён так і не прыехаў.
Жанчына звярнулася ў праваахоўныя органы.
Начныя пошукі Мікалая К. праводзілі мясцовыя жыхары, выратавальнікі, супрацоўнікі следча-аператыўнай групы Івацэвіцкага РАУС. Было вядома, што Мікалай К. пакутуе на захворванне, што магло прывесці да самых непрыемных наступстваў. Раніцай наступнага дня ў лесе быў знойдзены матацыкл, яго самога знайсці не ўдавалася.
…Як стала вядома, Мікалай К. 2 кастрычніка выйшаў да в. Бабровічы. Па яго словах, ён заблудзіўся, у цемры не мог знайсці свой матацыкл, цэлую ноч блукаў па лесе (не спаў), пасля знайшоў дарогу, па якой ішоў доўга, пакуль не выйшаў да Бабровічаў. Ён забыў узяць з сабой мабільны тэлефон, гэта стала адной з прычын здарэння.
Зноў-такі паўторымся: недапушчальна, што ў лес людзі ходзяць у адзіночку, што пры гэтым забываюць узяць з сабой добра зараджаны мабільны тэлефон!
Дзмітрый КУЦКО,
старшы оперупаўнаважны аддзялення крымінальнага вышуку Івацэвіцкага РАУС.