Дзяўчына з в. Дабромысль прысвоіла смартфон, які гаспадар забыўся ў цягніку

Маладая дзяўчына з в. Дабромысль разам са сваім кавалерам села на прыпынку «Быцень» у электрацягнік, які рухаўся ў бок Брэста. Ехалі яны ў Бярозу, на радзіму хлопца. На наступным прыпынку – «Даманава» – у гэты ж вагон электрацягніка сеў малады мужчына, ён ехаў у Івацэвічы.

Гэты мужчына забыў у вагоне дарагі смартфон.

І вось наша зямлячка з Дабромысля не змагла спакойна глядзець на дадзеную безгаспадарную рэч у вагоне і забрала яго. А гэта – крадзеж! Яна стала рабіць тэлефанаванні з новага смартфона, на гэта адразу адрэагавалі ў міліцыі, бо мужчына, які яго згубіў, звярнуўся з заявай у праваахоўныя органы. Праводзіцца праверка, па выніках яе хутчэй за ўсё будзе ўзбуджана крымінальная справа ў адносінах да дзяўчыны.

У нашым раёне практычна ўсе злачынствы, звязаныя з крадзяжамі мабільнікаў-смартфонаў, раскрыты. Не трэба кранаць чужое – дабром гэта не скончыцца! Як толькі вы ўбачылі безгаспадарную рэч, то звярніце на гэта ўвагу праваднікоў, касіраў, прадстаўнікоў брыгады цягніка…

Віталь ВЫСОЦКІ, начальнік лінейнага пункта міліцыі на ст. Івацэвічы.