Усе больш сямейных пар у Івацэвіцкім раёне становяцца бацькамі з дапамогай ЭКА
За 2019 год пяць сямейных пар з Івацэвічаў і раёна сталі бацькамі з дапамогай ЭКА (экстракарпаральнага апладатварэння), за дзевяць месяцаў 2020 года – тры.
Гэтыя лічбы прадставіла “ІВ” Ала Гембар, загадчык акушэрска-гінекалагічнага аддзялення УАЗ “Івацэвіцкая ЦРБ”. Зацяжарыць мараць многія сямейныя пары, бо, як сведчыць статыстыка, прыкладна для кожнай шостай ячэйкі грамадства гэтая далікатная праблема становіцца проста нявырашальнай.
І людзі гатовы аддаць апошнія грошы, каб стаць нарэшце мамай і татай.
Дарэчы, як звярнула ўвагу Ала Гембар, цяжарнасць жанчын, што рыхтуюцца стаць маці з дапамогай ЭКА, працякае гэтак жа, як любой іншай будучай мамы, якая зацяжарыла звычайна. Эфектыўнасць метада ЭКА – 40-42 працэнты, як бачыце, поўнай гарантыі няма, але, тым не меней, шанцы, пагадзіцеся, даволі высокія.
У нашай краіне, згодна з Указам Прэзідэнта №574 ад 27 снежня 2013 года «Аб прадастаўленні грамадзянам Рэспублікі Беларусь крэдытаў на льготных умовах для аплаты экстракарпаральнага апладнення», «Беларусбанк» выдае крэдыты тым сямейным парам, якія з’яўляюцца бясплоднымі. У 2019-м годзе ў Івацэвіцкім раёне пяць сямей бралі крэдыты ў банку, каб выкарыстаць магчымасць зацяжарыць.
І вось прыемная навіна. Выйшаў Указ Прэзідэнта №171 «Аб сацыяльнай падтрымцы асобных катэгорый грамадзян», які ўступае ў сілу са студзеня 2021 года і які прадстаўляе сямейным парам, што пакутуюць на бясплоддзе, права на адну бясплатную спробу экстракарпаральнага апладатварэння. Правам могуць скарыстацца сямейныя пары, якія з’яўляюцца грамадзянамі Беларусі, пры наяўнасці медпаказанняў і адсутнасці проціпаказанняў. Узрост будучай маці не павінен перавышаць 40 гадоў. Дадзеным правам могуць скарыстацца і сямейныя пары, якія ўжо спрабавалі зацяжарыць з дапамогай ЭКА на платнай аснове.
Ёсць надзея, што ў нашым раёне з дапамогай ЭКА будзе нараджацца не 5-6 дзетак за год, а значна больш, бо для многіх жанчын ЭКА з’яўляецца адзінай магчымасцю зацяжарыць.
Аляксандр ГОРБАЧ.