У Івацэвічах у адзін дзень загарэліся два аўтамабілі

Сур’ёзная непрыемнасць чакала вадзіцеля аднаго з прадпрыемстваў нашай вобласці, які 12 кастрычніка прыбыў у наш раён. Ён на службовым аўтамабілі “Мазда” рухаўся па “алімпійцы” (на 151-м кіламетры), але нечакана легкавік успыхнуў. Вадзіцель рэзка затармазіў, але полымя моцна пашкодзіла адсек рухавіка і капот.

12 кастрычніка толькі ўжо ў вячэрні час, у Івацэвічах зноў адбылося ўзгаранне аўтамабіля. На гадзінніку было каля 20 гадзін, калі на хаду загарэўся «Аўдзі», што рухаўся па вул. Клютко райцэнтра. Вадзіцель рабіў усё магчымае, каб выратаваць легкавік, але ён усё роўна пацярпеў значна: выгарала падкапотная прастора, пашкоджаны рухавік, нават крылы.

Дарэчы, успыхваюць аўтамабілі на дарогах не так і рэдка: у бягучым годзе каля Козікаў літаральна згарэў дарагі “БМВ”, а на вул. Заслонава ў Івацэвічах – “Фіят”. Аўтааматараў ёсць над чым задумацца.

Дадам, што за мінулыя выхадныя дні супрацоўнікамі ДАІ затрыманы двое нецвярозых вадзіцеляў. Хаця мы актыўна праводзім тлумачальную работу і штрафы даволі буйныя, але гэта палохае далёка не ўсіх – і болей за сотню такіх гора-удзельнікаў дарожнага руху і ў бягучым годзе мы дакладна  затрымаем на тэрыторыі нашага раёна, бо ўжо 90 такіх вадзіцеляў устаноўлены і аштрафаваны.

Васіль ЖУР, начальнік АДАІ Івацэвіцкага РАУС.     

Фота носіць ілюстрацыйны характар.