«Камбінат кааператыўнай прамысловасці» выпускае напоі-энергетыкі і салодкія напоі ў пэт-бутэльках новага дызайна

У цэху безалкагольных напояў філіяла стаіць усё той жа салодкі пах дзяцінства – пах газіроўкі. Але па канвееры беглі бутэлечкі новай сучаснай формы і з прывабнымі стыльнымi этыкеткамі.
Начальнік лабараторыі філіяла Юлія Брыль расказвала, што дырэктар са спецыялістамі філіяла распрацоўвалі новую форму пэт-бутэлькі, малявалі разам макет і па ім у Расіі заказвалі новую матрыцу для вырабу пэт-бутэлек новага дызайна. Пасля закупілі неабходнае абсталяванне, і ў верасні ў цэху пачалі выпускаць газіроўку і мінеральную ваду «Дварцовая» ў новых бутэльках.

аператар па выдуве пэт-бутэлькі Надзея Кулініч.

Дарэчы, сама пэт-бутэлька выдзімаецца ў ізаляваным памяшканні, дзе створана рабочае месца для аператара па выдуве пэт-бутэлькі. Памяшканне знаходзіцца пад адным дахам з цэхам, і праз шкло дзвярэй бачна, як аператар дакладна выконвае пэўныя дзеянні, а потым вымае з аўтамата па дзве новенькія блішчастыя бутэлькі, зноў нешта націскае, устаўляе і зноў вымае, – заварожваючы працэс на фоне яскрава-цаглянага колеру полымя.

Майстар цэха па вытворчасці безалкагольных напояў Святлана Касавец і Юлія Брыль, начальнік лабараторыі філіяла

– У новых бутэльках з’явіліся і новыя віды напояў? – цікаўлюся.
– Так, – адказвае Юлія Станіславаўна. – Гэта безалкагольныя газаваныя энергетыкi пад брэндавай назвай «ENERGY DRIVER». Гэта навінка ў нашай лінейцы безалкагольных напояў, яна распрацавана на нашым прад-
прыемстве летам гэтага года і запушчана ў вытворчасць у канцы жніўня. У асартыменце – тры розныя па смаку водару і колеры напоі, i іх ужыванне надае чалавеку энергіі, бадзёрасці, дзякуючы харчовай дабаўцы, у якой утрымлiваюцца вітаміны PP, B6, B12 і кафеін.
Начальнік лабараторыі тлумачыла, што напоі-энергетыкі выпускаюцца аб’ёмам толькі 0,5 літра, бо сутачная патрэба ў іх менавіта такая, не больш.
– Выходзіць, такія напоі могуць быць небяспечнымі для здароўя? – пытаюся ў дырэктара філіяла Ігара Касцюка.
– Гэтыя напоі цалкам бяспечныя для здароўя. Прадукцыя мае дэкларацыю адпаведнасці, праходзіць усе неабходныя мікрабіялагічныя, фізіка-хімічныя выпрабаванні і выпрабаванні на паказчыкі бяспекі. Але прашу заўважыць, што ў празмерных дозах шкодна ўсё, – адказвае ён. – Як казаў мудрэц Парацэльс: «Усё ёсць яд, усё ёсць лекі!» За кошт вітамінаў і кафеіну напой бадзёрыць. Калі няма проціпаказанняў – праблем з сардэчна-сасудзістай сістэмай, гіпертаніяй, парушэннямі сну, то напоі-энергетыкі бясшкодныя, калі, паўтаруся, не злоўжываць.
За змену выпускаецца філіялам 500-550 дал напояў. Для таго, каб попыт на новыя віды безалкагольных напояў рос, ладзілася выстаўка, на якую прыязджалі прадстаўнікі іншых спажыўтаварыстваў Брэстчыны. У выніку, тады яшчэ пробнай партыяй новых відаў напояў зацікавілася міжрайбаза, а калі да новага сезона выпуск набярэ абароты, ёсць упэўненасць, што попыт вырасце і за межамі раёна.

Аператары Алена Галуска, Крысціна Фядковіч.

Акрамя гэтай навiнкi, змянiлi знешні выгляд традыцыйныя, вядомыя пакупнiку напоi з водарам «Тархуна», «Дзюшэса», «Мандарына», «Лясной ягады» і iншыя. Зараз яны выпускаюцца пад брэндавай назвай «GAZIROVKA Original», таксама ў бутэльках новай формы i з сучаснай стыльнай этыкеткай.
На разліве пiтной вады дадаткова ўстаноўлена новае абсталяванне – азанатар вады, што падоўжыць тэрмін спажывання прадукцыi.