Знайшоўся жыхар аг. Быцень, якога шукала міліцыя

У райгазеце, у нашых сеткавых рэсурсах прайшла інфармацыя: прапаў 56-гадовы М. Л. Грынчык, адзінокі жыхар Быцені, якога апошні раз бачылі 27 верасня. Міліцыя за гэты час, можна сказаць, ногі ледзь не сцерла, шукаючы гэтага мужчыну.

І ён, на шчасце, знайшоўся.

Аказваецца увесь гэты час М. Л. Грынчык працаваў на палях фермера з Капыльскага раёна Мінскай вобласці, куды паехаў на заробкі. Пра тое, каб паведаміць родным (хаця іх і мала засталося) ці суседзям пра сваё адбыццё, не падумаў. Як звяртае ўвагу Дзмітрый Куцко, старшы оперупаўнаважаны аддзялення крымінальнага вышуку Івацэвіцкага РАУС, нямала прыйшлося папрацаваць міліцыі па гэтай справе, спаліць таго ж бензіну па прычыне такой абыякавасці гэтага “прапаўшага” чалавека.

Згадваецца выпадак, як меў месца некалькі гадоў таму: нецвярозы жыхар Целяханаў, які вудзіў на беразе Вулька-Целяханскага возера, “знянацку” паехаў на заробкі ў Падмаскоўе – пад’ехалі сябры і яго забралі. Нават вуды засталіся на беразе! Усе вырашылі, што рыбак патануў, нават аквалангісты з Пінска ўжо ныралі ў вадаём, а тут тэлефанаванне з Расіі: я жывы, я працую! Няўжо нельга адразу паведаміць пра гэта як мага больш шырокаму кола людзей, каб не ставіць “на вушы” міліцыю, родных, суседзяў…

Аляксандр ГОРБАЧ.