Фантан упрыгожыў тэрыторыю каля Палаца Пуслоўскіх

Працягваюцца рэстаўрацыйныя работы ў Палацы Пуслоўскіх і добраўпарадкаванне тэрыторыі вакол яго. Так, раёнка ужо пісала пра новую агароджу, якая абрамляе палац, а цяпер галоўны ўваход упрыгожваюць велічныя вароты, праз якія наведвальнікі трапляюць на тэрыторыю палаца-паркавага ансамблю.

Акрамя гэтага тэрыторыю ўпрыгожыў фантан з выявамі ільвінай галавы. Як расказала адміністратар комплексу Паліна Саўціна, існуе легенда, што ў Палацы Пуслоўскіх жыў сапраўдны леў. Кожную ноч драпежніка спускалі з прывязі і ён брадзіў па калідорах палаца. Так бароліся з нячыстай на руку прыслугай. Гэта быў лепшы вартаўнік, бо прыслуга нават баялася выйсці са сваіх пакояў і з крадзяжамі было скончана. Цяпер выяву ільва можна ўбачць на розных дэкаратыўных элементах ў аздабленні палаца.

Таксама неўзабаве тут з’явяцца і скульптуры, пастаменты пад якія можна ўбачыць ужо зараз. Амаль завяршыліся работы ў цокальных памяшканнях, там будуць размяшчацца пакоі адміністрацыі. На першым певерсе – будзе канферэнц-зала і зала для рэгістрацыі шлюбаў.

Як адзначыла Паліна Саўціна, Косаўскі палаца-паркавы комплекс аблюбавалі маладжоны для правядзення свайго вяселля. За лета тут было праведзена каля 20 выязных рэгістрацый. Для гэтых патрэб комплекс набыў арку для роспісу і дэкор для прэзідыўма маладых і сталоў гасцей. Сёння Косаўскі палацава-паркавы комплекс прапануе парам, якія знаходзяцца на парозе стварэння сям’і, арганізацыю іх вяселля «пад ключ», пра гэта раёнка таксама распавядала раней.

Ганна Ільяшэвіч