Хто ў адказе за парадак на дзіцячых пляцоўках?

Хутка праляцела лета, а разам з ім завяршыўся і сезон «праменаду па дзіцячых пляцоўках» у маладых бацькоў. Я толькі з дэкрэта, і ніколькі не перабольшу, калі скажу, што летам бацькі маленькіх гарэз літаральна жывуць на пляцоўках. Колькі б не гуляла з дачкой – заўсёды ёй было мала. Гулялі ранкам, увечары па некалькі гадзін, і я не адна такая. Многія матулі нават бралі з сабой на вуліцу сняданкі-абеды. На вуліцы дзеці і елі лепш, і дахаты не трэбы было цягнуць малое.
Дык вось, я жыву на вул. Максіма Танка, гэта па праве самая маладзёжная вуліца райцэнтра. Шмат тут дзетак, прыходзяць на нашы пляцоўкі з суседніх двароў, прывозяць бацькі сюды сваіх малых нават і з другіх канцоў горада.
Чаму? Бо на новай вуліцы некалькі сучасных пляцовак з цікавымі арэлямі, «конікамі», горкамі, прыгожымі пясочніцамі… Усе новыя пляцоўкі агароджаныя, падсыпаныя пяском. Бацькі самых маленькіх дзетак могуць «выдыхнуць» і даць волю малым, бо тут заўсёды адносна бяспечна. Усё прадумана, усё зроблена якасна. Мясцовыя дзеткі нават далі назву нашым пляцоўкам – новы двор. Цэлы двор, бо гэта некалькі пляцовак побач, паміж імі па чарзе носіцца дзетвара. І сапраўды атрымліваецца цэлы дзіцячы дворык.
Але за гэта лета нашы пляцоўкі пацярпелі як раз ад рук дзяцей, падлеткаў, ды і дарослых. На працягу ўсяго лета і ў верасні я рабіла фота ўсё з новымі і новымі паломкамі. Канечне, калі маладыя матулі і бацькі бачылі такія спробы малых нашкодзіць, то абавязкова рабілі заўвагі. Калі гэта пляцоўка каля твайго дома, у любым разе адчуваеш за яе пэўную адказнасць. Заўсёды падымеш смецце, закрыеш увечары крышкай пясочніцу, каб абараніць яе ад дажджу і жывёл. Аднак час «ікс» заўсёды наступаў увечары і ноччу. Бо на пляцоўках з’яўляліся падлеткі, часта і дарослыя на падпітку.
Вось толькі адзін прыклад: ёсць каля дома №15 «пясочніца-вандроўніца». Як гэта? Кампанія падлеткаў дзеля забавы пераносіла пясочніцу з месца на месца, наша пясочніца магла апынуцца ўвогуле ў суседзяў. Добра, калі б гэта быў толькі жарт. У працэсе такіх пераносаў ламаліся крышкі і сама аснова пясочніцы. Увогуле некалькі пясочніц за гэта лета засталіся без крышак. Гэта толькі мае назіранні і толькі ў нашым двары. Пытанне з пляцоўкамі складанае, шматграннае, таму сёння ў матэрыяле мы раскажам, якія структуры і колькі людзей задзейнічаны ў тым, каб пляцоўкі былі прыгожымі, падрыхтаванымі да лета, а галоўнае, бяспечнымі. Можа тады жаданне нешта зламаць, размаляваць ці падрапаць зменшыцца.
Маніторынгі і фотасправаздачы
На варце бяспекі дзіцячага адпачынку на пляцоўках па ўсім раёне стаіць, канечне, пракуратура. Як паведаміла памочнік пракурора Івацэвіцкага раёна Яна Дробыш, штогод у пачатку летняга сезона, у канцы красавіка–пачатку мая работнікі пракуратуры праводзяць маніторынгі. Галоўная задача такіх праверак – знайсці і зафіксаваць на фота магчымыя недапрацоўкі камунальных службаў або старшынь кааператываў. Каб пасля ўсе праблемы ў пэўны тэрмін былі выпраўленыя.
– Мы ажыццяўляем нагляд за выкананнем заканадаўства аб непаўналетніх і моладзі, сюды ўваходзіць у тым ліку і бяспечны адпачынак, – расказвае Яна Дробыш. – Згодна з рашэннем райвыканкама, устанаўліваецца тэрмін, у які адказныя службы павінны падрыхтаваць дзіцячыя пляцоўкі да сезона. Калі згодна з рашэннем гэта будзе напрыклад 10 мая, то ўжо 11 мы можам выехаць з маніторынгам. У полі нашага зроку і вясковыя пляцоўкі, а яшчэ пляцоўкі каля вадаёмаў. Недапрацоўкі бываюць штогод, асабліва на пляцоўках каля старых дамоў, усе недахопы фіксуюцца на фота, а пасля прадпісанне з фотасправаздачай мы адпраўляем у адказную структуру. У дзесяцідзённы тэрмін мы павінны абавязкова атрымаць адказ.
Так, штогод пракурор выбірае розныя пляцоўкі, як правіла, работнік трапляе ў розныя часткі горада і раёна. Гэтай вясной «праблемнымі» аказаліся пляцоўкі па вуліцах Чарткова, Дэпутацкая, 60 год Кастрычніка, Леніна, Шаўчэнкі і Савецкая. Увагу пракурор можа засяродзіць нават на самых дробязях: важна, каб арэлі і агароджа былі пафарбаваныя, каб былі спраўнымі арэлі, горкі, абавязковы насып на з’ездзе з горкі, калі з дошкі тырчыць цвік, – гэта таксама прамая пагроза здароўю дзіцяці. На працягу летняга перыяду супрацоўнікі пракуратуры яшчэ не раз наведваюць пляцоўкі з падобнымі праверкамі. Больш зацішны час у зімовы перыяд.
Дапамагаюць у рабоце і званкі  ў «аварыйку»
На 123 пляцоўках па ўсім раёне ўвесь год гаспадараць майстры ДУВП «Івацэвіцкая ЖКГ». Камунальнікі таксама выязджаюць з праверкамі на кожную пляцоўку раз у квартал, складаюць акт агляду дзіцячага гульнёвага абсталявання. Тым самым вызначаючы для сябе фронт работы.
– На гэтай сотні пляцовак знахо-
дзяцца 423 адзінкі дзіцячага ігравога абсталявання, і за кожны з іх мы нясём адказнасць, – расказвае інжынер гаспадаркі Святлана Захарчук. – Тут працуюць майстры, зваршчыкі, сталяры, маляры. У залежнасці ад таго, які від работы патрабуецца. Гэта ўсё дзясяткі чалавек. Нават зімой на пляцоўках вядуцца рамонтныя работы, калі гэта неабходна. Таму сезонная ў нас толькі афарбоўка. У 2019 годзе добрым падарункам г. Косава стала новая сучасная дзіцячая пляцоўка. У гэтым годзе новае абсталяванне не ўстанаўлівалася.
Аднак, добрай навіной падзялілася з намі інжынер. Па выніках 2019 года наша гаспадарка аказалася ў прызёрах абласнога агляду санітарнага стану і добраўпарадкавання населеных пунктаў, у конкурсным спісе быў шэраг пунктаў. Вялікую долю ад грашовага прыза ў 2000 базавых велічынь вырашана было патраціць на закупку дзіцячага абсталявання. Плануецца набыць усяго каля 40 адзінак: качалкі, арэлі і горкі з’явяцца ў дварах. Да гэтага пытання камунальнікі падыходзяць сур’ёзна, спярша нават вывучаюць попыт на пляцоўкі. Новыя арэлі з’явяцца ў тых дварах, дзе пражывае больш дзетак.
Як бачна, на пляцоўках часта з’яўляюцца зацікаўленыя структуры, аднак пільнаваць кожную горку ці пясочніцу ў раёне штодня немагчыма. Учора цвік не тырчаў, а сёння раніцай ён ужо пагражае нашым дзецям. Таму, улічваючы, што бяспека нашых дзяцей – гэта агульная справа, сапраўднымі памочнікамі тут аказваюцца сумленныя дарослыя. Рэгулярна ідуць званкі з інфармацыяй аб паломках на пляцоўках на дзяжурны нумар 115 у аварыйна-дыспетчарскую службу. Неабыякавыя гараджане часта тэлефануюць у камунальную службу і пакідаюць заяўкі менавіта на рамонт дзіцячага абсталявання.
Прагулка вылілася ў рубель…
А вось другі прыклад, калі паломку ліквідавалі самі ж віноўнікі. У жніўні трое хлопчыкаў вырашылі дзеля забавы зламаць стол у альтанцы на дзіцячай пляцоўкі па вул. М. Танка. Гэты факт заўважылі жыльцы дома і звярнуліся з заявай у РАУС. Дзякуючы відэа, знятых з камер назірання, што размешаны на шматкватэрным доме, знайсці малых хуліганаў было проста. На першы раз бацькі атрымалі адміністрацыйнае спагнанне ў выглядзе папярэджання і, канечне, тэрмінова за свой кошт аднавілі стол.
Таму разуменне мяжы паміж нявіннымі забавамі і рэальнай шкодай павінна быць ужо нават у васьмігадовага дзіцяці. Столькі было нашым маленькім хуліганам. У Івацэвіцкім РАУС паведамілі, што ў бягучым годзе гэта было адзінае адміністрацыйнае правапарушэнне такога кшталту, здзейсненае малалетнімі. Адзінае зафіксаванае, калі казаць дакладна. Бо вельмі рэдка ўдаецца злавіць за руку такіх малых парушальнікаў, і яшчэ радзей пасля ў РАУС трапляюць заявы.
Зразумела, дзеці застаюцца дзецьмі. Многія шкодніцтвы ў іх адбываюцца па выпадковасці або па няведанні, або проста з цікаўнасці. Аднак адказнасці з нас, бацькоў, гэта не здымае. Таму, глядзім «в оба», ды вучым дзяцей беражлівым адносінам да агульнай маёмасці. Бо на гэтую пляцоўку абавязкова прыйдзецца прыйсці яшчэ і яшчэ. І няхай яна будзе прыгожай і бяспечнай. Няхай на ёй гуляць будзе ў асалоду.
Па дзіцячым пляцоўкам прагульвалася
Наталля ГЕРБЕДЗЬ.