Крадзяжоў у Івацэвіцкім раёне з прыходам асенне-зімовага перыяду становіцца ўсё больш

Жыхарка в. Стайкі вярнулася на аўтамабілі з работы позна – у гадзіну ночы. Здаецца, на падворку ўсё знаходзіцца на сваіх месцах – мотаблок, іншыя рэчы, якія патрэбны ў гаспадарцы. Увайшла ў дом, замкнулася, легла спаць.
Раніцай выйшла на вуліцу і сумелася: прапаў мотаблок, які (а яна дакладна памятае) у гадзіну ночы знаходзіўся на падворку. Жанчына выклікала міліцыю. Зараз перад намі стаіць звышскладаная задача – знайсці аматара карыстацца чужой міні-тэхнікай.
…53-гадовы раней судзімы жыхар Гічыцаў прыехаў у Івацэвічы і ў аднаго свайго наглядна знаёмага сябра ўкраў бензатрымер. Быў затрыманы, узбуджана крымінальная справа.
Падобным учынкам вызначыліся і двое немаладых мужчын з Целяхан, якія з чужога хлява выцягнулі металічныя трубы, здалі на металалом, грошы скарысталі. Яны таксама ўстаноўлены і будуць адказваць за крадзеж.
Крадзяжоў з прыходам асенне-зімовага перыяду становіцца ўсё больш. Злодзею – раздолле: ночы доўгія, і калі гаспадар не паспеў схаваць пад надзейныя замкі сваю маёмасць, то яна «атрымлівае новае жыццё». Прашу задумацца на гэты конт!
І яшчэ. Павялічваецца па-ранейшаму колькасць нашых землякоў, чые банкаўскія плацежныя карткі «апаражнілі» рознага кшталту інтэрнэт-зламыснікі. Літаральна на днях у гэты спіс трапіў і кіраўнік аднаго з прадпрыемстваў раёна (па этычных прычынах не будзем называць яго імя). Яшчэ раз нагадаю: рэквізіты вашай пластыкавай банкаўскай карткі нікому нельга паведамляць! Вы вельмі рызыкуеце, калі так робіце!
Васіль АРЦЮШЭНЯ,
в. а. начальніка аддзялення крымінальнага вышуку Івацэвіцкага РАУС.