Карціны, напісаныя на пленэры, – у падарунак Марачоўшчыне

12 кастрычніка прайшло закрыццё абласнога выязнога пленэру мастакоў Брэсцкай абласной арганізацыі ГА «Беларускі саюз мастакоў». У зале часовай экспазіцыі Палаца Пуслоўскіх у той дзень гучала жывая музыка ў выкананні народнага інструментальнага ансамбля «Anima». Паланез Мацея Радзівіла гучаў невыпадкова, ёсць сведкі, што менавіта творы італьянскага кампазітара Э. Б. Эверыста Цэдроніо часта гучалі тут у часы Пуслоўскіх.

Музыка і велічныя залы Палаца Пуслоўскіх толькі дадалі настрою і без таго ўражаным мастакам. Яшчэ ў мінулы панядзелак каманда творчых майстроў наведала нашу Косаўшчыну. На працягу цэлага тыдня мастакі працавалі каля Палаца Пуслоўскіх і музея-сядзібы Тадэвуша Касцюшкі. Кожны абраў свой асабісты ракурс і ўбачыў свой замак і яго наваколлі, сваю непаўторную прыроду. У выніку з-пад пэндзляў мастакоў за гэты час выйшла каля трыццаці карцін. Усе яны былі прадстаўлены на суд гледачам, гасцям мерапрыемства. І вось што цікава – на кожнай карціне быццам бы розныя замкі і прырода розная. Проста карціны створаны ў розных тэхніках, рознымі фарбамі, з асабістым поглядам творцы…


Дзякуючы арганізатарам – упраўленню культуры Брэсцкага аблвыканкама – на восем дзён да нас прыехалі вядомыя мастакі. Многія з іх прадстаўнікі творчых дынастый, гэта – Дот Абудусаматаў, Ніла Гарчанюк, Тамара Дзянісава, Анатоль Жалудко, Уладзіслаў Куфко, Леанід Салаўёў, Анатоль Сакалоў і Анастасія Фяцісава. Па сваёй ініцыятыве да членаў Беларускага саюза мастакоў далучыўся і мастак Віталь Пташнік. Многія госці наведалі наш край упершыню. Анастасія Фяцісава ўжо аднойчы была на Косаўшчыне, калі замак яшчэ быў паўразбураным.
– Тут былі сцены і груды камянёў, а зараз такі будынак, такая веліч, – успамінае Анастасія Іванаўна. – Штогод наша група мастакоў выязджае на пленэры ў розныя куточкі краіны. На гэты раз мы былі проста абавязаны прыехаць да вас. Я цікаўлюся гісторыяй, шмат чытала пра замак і Пуслоўскіх, пастаралася адлюстраваць гэта на палатне. Дарэчы, надвор’е спрыяла нашай рабоце, тут мы заспелі сапраўднае бабіна лета. Па ўмовах пленэру кожны мастак перадасць у дар фонду музея-сядзібы Тадэвуша Касцюшкі як мінімум па адной карціне. Некаторыя з іх яшчэ патрабуюць дапрацоўкі, пазней мы абавязкова дашлём іх у музей. Астатнія работы мы забіраем у сваю асабістую калекцыю, многія калегі за тыдзень напісалі па чатыры-пяць работ. Дзякуем кіраўніцтву вашага раёна, работнікам музея за гасціннасць. Як вам пашчасціла жыць у такой прыгажосці!
За цікаўнасць да нашай гісторыі і плённую работу мастакам падзякавала начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Івацэвіцкага райвыканкама Святлана Завадская. Дарэчы, усе майстры атрымалі памятныя падарункі. У адказ некалькі карцін ужо падчас мерапрыемства былі падораны дырэктару музея-сядзібы Тадэвуша Касцюшкі Наталлі Сушко. Аб тым, што сумненняў у месцы правядзення чарговага абласнога пленэру не было, падчас цырымоніі закрыцця казаў намеснік начальніка аддзела па каардынацыі дзейнасці арганізацый культуры ўпраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама Арцём Брухан.


А самымі захопленымі і натхнёнымі гледачамі ў той дзень былі юныя мастакі, вучні аддзялення па кірунку дзейнасці «Выяўленчае» ДУА «дзіцячая школа мастацтваў г. Косава». Яны не аднойчы былі тут на пленэры, таму ўбачыць прафесійны погляд ім было карысна і цікава. Музыкай сустрэлі, музыкай і праводзілі мы мастакоў на радзіму. Яшчэ доўга яны гулялі вакол замка і каля фантана, быццам бы не наглядзеліся за столькі дзён… Развітвацца з прыгожым заўсёды складана.


Наталля ГЕРБЕДЗЬ,
Валерый МІСКЕВІЧ (фота).