Дзве сястры, жыхаркі в. Рэчкі, ўзнагароджаны ордэнамі Маці

Сімвалічна 14 кастрычніка, у свята ўсіх матуль, ордэны Маці атрымалі адразу дзве жыхаркі в. Рэчкі: хатняя гаспадыня Аліна Мялік і выхавальніца ДУА «Рэчкаўскі дзіцячы сад» Вольга Стаскевіч. Так атрымалася, што ў адзін святочны дзень дзве родныя сястры атрымалі такую важкую ўзнагароду.
Аліна разам з мужам Віталіем выхоўвае шасцярых дзетак: чатырох хлопчыкаў і дзвюх дзяўчынак, у сям’і Вольгі і Андрэя Стаскевіч падрастаюць тры дзяўчынкі і два хлопчыкі. Адзінаццаць дзетак на дваіх!
Павіншаваць матуль і падзякаваць ім за годнае выхаванне дзяцей у той дзень у будынак Рэчкаўскага сельвыканкама прыехалі старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Сарока і дырэктар ДУ «Івацэвіцкі ТЦСАН» Дзяніс Пакалюк.
З пажаданнямі здароўя, цярпення матулям і ўзаемаразумення ў сям’і да віноўніц мерапрыемства звярнулася старшыня Рэчкаў-
скага сельвыканкама Ганна Латышэвіч. Ганна Браніславаўна адзначыла таксама, што на тэрыторыі сельсавета сёння пражываюць 45 шматдзетных сямей і 37 жанчын узнагароджаны ордэнам Маці Указамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. І ў гэтым сэнсе сельсавет – сярод лідараў у раёне. Чаканыя ўзнагароды – ордэны Маці – Аліне і Вользе ўручыў старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Сарока.
– Ужо трэці год запар я прыязджаю сюды з прыемнай місіяй – чарговы раз уручыць мясцовым матулям ордэны Маці, – казаў Аляксандр Фёдаравіч. – Сёння ў нашай краіне робіцца многае для падтрымкі шматдзетных сямей, развіцця мацярынства і дзяцінства, аднак галоўнае ў выхаванні здаровых і шчаслівых дзяцей, грамадзян краіны – гэта сям’я. Так было заўсёды. І я ад імя раённай улады сёння дзякую вам, Аліна Міхайлаўна і Вольга Міхайлаўна, а таксама шматдзетным татам Андрэю Яўгеньевічу і Віталію Аляксеевічу за ваш штодзённы бацькоўскі клопат.
Божага благаславення ва ўсіх пачатых справах маладым бацькам пажадаў і прэсвітар царквы ХВЕ в. Рэчкі Юрый Селюжыцкі. Змакрэлі вочы нашых прыгожых матуль, калі слова бралі іх мужы. Андрэй і Віталій шчыра падзякавалі каханым жанчынам за мужнасць і цярпенне ў выхаванні дзетак і паабяцалі ў сваю чаргу і надалей быць надзейнымі плячыма і памочнікамі ва ўсім.
Вядучая, загадчыца аўтаклуба ДУК «Івацэвіцкая раённай клубная сетка» Алена Цыбульская, і артысты Руднянскага СК дадалі мерапрыемству святочнасці і ўпрыгожылі яго. Шмат добрых слоў у той дзень было сказана і ў адрас маці сясцёр Аліны І Вольгі Ірыны Уладзіміраўны Чырскай, якая выгадавала трох дзяцей. А сёння яна ўжо шчаслівая бабуля 16-ці ўнукаў! Вось такая незвычайная вялікая сям’я.
Віталій і Аліна Мялік жывуць у сваім вялікім доме, Андрэй і Вольга Стаскевіч таксама некалькі гадоў таму справілі ўваходзіны ў новым доме, зараз яшчэ ідуць рамонтныя работы на другім паверсе. Дарэчы, пераезд паскорыўся дзякуючы дзяржаўнай субсідыі, якой скарысталася шматдзетная сям’я.
Такія прыгожыя і шчаслівыя нашы матулі прызналіся, што яшчэ чакаюць ў той дзень віншаванняў ад дзяцей. Тыя вельмі ж рыхтаваліся да Дня маці. І нешта падказвае мне, што гэта былі самыя шчырыя і дарагія сэрцу віншаванні…
Наталля ГЕРБЕДЗЬ,
фота аўтара.