
Мінула ўжо тры гады, як па вуліцы Механізатараў райцэнтра быў закладзены новы гарадскі парк. Увесь гэты час тут актыўна вядуцца работы па яго добраўпарадкаванні – пракладваюцца пешаходна-веласіпедныя дарожкі, ствараюцца малыя архітэктурныя формы, вядзецца азеляненне.
Так, вясной бягучага года пешаходна-веласіпедныя дарожкі звязалі квартал індывідуальнай забудовы «Заходні-2» з вуліцай Механізатараў у бок вуліцы Чарткова і ўздоўж саджалкі на прафліцэй. Цяпер жа ўздоўж агароджы стадыёна «Кляноўка-арэна» таксама пралягла пешаходная дарожка, побач з якой па плану з цягам часу з’явіцца скейт-парк.
Дынамічна праходзіць азеляненне парка. Кожны сезон тут з’яўляюцца новыя дрэвы і кустоўе. За апошні час работнікі Івацэвіцкай ЖКГ высадзілі тут елкі, сосны, піхты, лістоўніцы, бярозы і грабы – усе яны паспяхова прыжыліся. А нядаўна парк упрыгожылі новыя клумбы з самшытам: уздоўж саджалкі высаджаны вечназялёныя кусцікі ў выглядзе трохкутнікаў. Дарэчы, работы па азеляненні парка будуць працягвацца штогод. Для арганізацыі ўтульных зон адпачынку тут плануецца ствараць кампазіцыі з кустоў і кветак.
Ячшэ адна навінка з’явілася ў парку апошнім часам – на мастку праз канал, які праходзіць па парку, усталявалі кованую металічную агароджу. Яна, у сваю чаргу, дадала бяспечнасці гэтаму месцу і, несумненна, стала асаблівасцю ландшафтнага дызайну гарадскога парка.
Дар’я УДОВІНА, фота аўтара.