Ідэя Людмілы Гарчаковай увайшла ў лік 50 лепшых бізнес-ініцыятыў вобласці

У кастрычніку 2019 года ў Брэсцкай вобласці стартаваў сацыяльны праект «Падтрымка жанчын у фермерстве, аграэкатурызме і рамесніцтве». Праект арганізаваны БГА «Адпачынак у вёсцы» ў партнёрстве з Брэсцкім абласным выканаўчым камітэтам і фінансуецца дабрачынным фондам The Coca-Cola Foundation.
Паступіла 89 заявак, з іх было адабрана 50 лепшых бізнес-ініцыятыў Брэсцкай вобласці. У іх ліку і ідэя нашай зямлячкі Людмілы Гарчаковай. Сям’я Гарчаковых вядомая ў нашым раёне і за яго межамі як уласнікі кафэ «Гэлаксі», якое гасцінна сустракае наведвальнікаў ужо 20 гадоў і праславілася сваёй фірменнай стравай – «Татаў дранік». Але з мінулага года сямейны бізнес расшырыўся: кафэ вырасла ва ўтульную сядзібу з гасцявым домікам, прыгожа абсталяваным надворкам і нават… птушыным домікам з экзатычнымі пародамі курэй.

– Як толькі мы пачалі працаваць у новым фармаце аграсядзібы, мне на электронную пошту прыйшоў ліст, у якім паведамлялася пра трэнінг у сферы агратурызму. Анкету я запоўніла, але нават нікому нічога не расказала, не спадзявалася туды патрапіць. А праз некаторы час мне прыйшло паведамленне з запрашэннем паўдзельнічаць у гэтым трэнінгу. Так пачаўся мой шлях у праекце «Падтрымка жанчын у фермерстве, аграэкатурызме і рамесніцтве», – расказала Людміла Гарчакова.
– Я разумела, што гэта неверагодная магчымасць паказаць сваю сядзібу і ўвасобіць новыя ідэі ў сферы агратурызму ў нас у Івацэвіцкім раёне. Пачалося ўсё з тэарэтычнай часткі праекта – мы ўдзельнічалі ў бізнес-трэнінгах па асноўных трэндах, юрыдычных і фінансавых аспектах у сферы агратурызму, рамесніцтва і сельскай гаспадаркі. Калі пачалася пандэмія каранавіруса, трэнінгі сталі праходзіць у анлайн-фармаце. На працягу гэтага часу мы рыхтавалі свае бізнес-планы. А потым журы, у склад якога ўвайшлі супрацоўнікі БГА «Адпачынак у вёсцы», унітарнага прадпрыемства «Кока-Кола Беўрыджыз Беларусь» і Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта, абрала 50 бізнес-праектаў, якія атрымалі фінансаванне на набыццё абсталявання і расходных матэрыялаў для станаўлення ўласнага бізнесу. Так у нашай сядзібе з’явіўся куратнік – утульны дом для курачак. Пра яго я марыла даўно, але неяк не наважылася сама завесці навасёлаў-птушак. А з дапамогай праекта мая мара здзейснілася! Цяпер у нас жывуць 15 курэй розных парод – араўкан, арпінгтон, карлікавы гудон, брама і звычайныя нясушкі. Спачатку курачкі абжываліся, а цяпер ужо добра нясуцца. Ідэя бізнес-плана была простай, усе ведаюць, што наша кафэ знакаміта сваёй фірменнай стравай – «Татаў дранік». Гатуем часта і шмат, таму патрэбна вельмі многа яек. Цяпер для прыгатавання будзем выкарыстоўваць не пакупныя, а дамашнія яйкі, якія нясуць нашы курачкі. Усё большым попытам карыстаюц-
ца фермерскія, натуральныя прадукты, таму спадзяёмся, што ў хуткім часе зможам і гандляваць яйкамі.
У пятніцу, 23 кастрычніка, удзельніцы праекта «Падтрымка жанчын у фермерстве, аграэкатурызме і рамесніцтве» наведалі аграсядзібу Гарчаковых, каб паглядзець, як вядзецца сямейны бізнес і якія змены адбыліся ў аграсядзібе за час удзелу ў праекце. А цікавіла гасцей шмат чаго: – як складалася меню, як арганізаваны рэжым работы, як бізнес перажыў пандэмію і, канешне, які рэцэпт у «Татавага драніка».
– Праект рэалізоўваецца ў тэрмін да 2021 года. У сакавіку ў Брэсце пройдзе кірмаш, дзе ўдзельніцы праекта прэзентуюць свае тавары, ён і стане заключным акордам гэтага вялікага шляху. Я вельмі ўдзячная праекту за моцны штуршок у развіцці нашага бізнесу. За падтрымку, за ідэі і за новыя стымулы ў развіцці нашай агульнай сямейнай справы, – адзначыла Людміла Гарчакова.

Ганна Ільяшэвіч.