На ўзбраенне івацэвіцкіх лесаводаў паступіў дрон

Івацэвіцкім лясгасам рэгулярна праводзіцца работа па тэхнічным пераўзбраенні; мы ўжо расказвалі пра ўкараненне сістэмы фотафіксацыі, якая стала добрай падмогай у справе навядзення парадку ў лясных угоддзях. На гэтым лесаводы вырашылі не спыняцца. І вось у бягучым годзе прадпрыемства набыло квадракоптар маркі «Mavic 2 pro». Мэта – зрабіць больш надзейнай абарону лясоў ад пажараў, ад браканьерства і не толькі.

Магчымасці новага апарату прадэманстраваў Аляксандр Стрыж, інжынер па ахове і абароне лесу ДЛГУ «Івацэвіцкі лясгас». Ён выйшаў да нас з невялічкай сумкай, з якой дастаў гэты партатыўны лятальны апарат, які раскладваецца і становіцца крыху большым па памерах. Праходзіць менш за хвіліну – і вось лёгка вертыкальна ў паветра ўздымаецца «жужальца». Лёгкі рух пальцам – і дрон імкліва ўзняўся на 50, пасля на 100 метраў. Праводзіцца відэаздымка – на экране манітора мы анлайн дакладна бачым дарогу, кожны аўтамабіль, збудаванні. Дрон апускаецца да елкі, што знаходзіцца непадалёку ад уваходу, – разглядваем кожную галінку, кару дрэва.
– Атрымліваецца, вы можаце, не сходзячы з гэтага месца, злётаць, да прыкладу, на чыгуначны вакзал Івацэвічаў і прасачыць за дзеяннем любога пасажыра, які сядае ў цягнік ці выходзіць з яго…
– І лёгка можам так зрабіць, разглядзім і нават пералічым колькасць торбаў… Хуткасць палёту дрона – да 70 кіламетраў у гадзіну, дальнасць – да 7 км; мы можам праследаваць браканьера, вызначыць, дзе праводзіцца незаконная рубка, аказваць дапамогу ў пошуках грыбнікоў-ягаднікаў, якія заблукалі, але ўсё ж такі асноўная задача – абарона лесу ад пажараў і шкоднікаў. Дзякуючы рабоце дрона, можам з дакладнасцю да метра вызначыць лакалізацыю пажару, бачыць ачаг узгарання, выбраць шляхі для доступу да ўзгарання. Больш лёгка стала праводзіць маніторынг тых участкаў, дзе «гаспадарыць» караед: дрон здымае і фатаграфуе з адлегласці ў некалькі дзясяткаў сантыметраў. З зямлі, згадзіцеся, лесапатолаг не можа так добра разглядзець крону дрэва (гэты шкоднік найчасцей паражае кроны дрэў).
– Ці выкарыстоўваўся ў бягучым годзе дрон у крытычных сітуацыях?
– Паміж Драгічынскім і Бярозаўскім раёнамі некалькі месяцаў назад узнік моцны пажар, гарэлі лес, пойма Ясельды, вёска Старамлыны. Мы выехалі на месца, работу па лакалізацыі пажару каардынавалі з дапамогай дрона. Ён добра папрацаваў тады, мы адчулі значную карысць.
Падобны квадракоптар у бліжэйшы час плануюць набыць і целяханскія лесаводы.
Аляксандр ГОРБАЧ,
Валерый МІСКЕВІЧ (фота).