У Івацэвіцкім раёне гаспадараць начныя зладзеі

У райаддзел міліцыі звярнуўся жыхар Мілеек, які паведаміў, што з яго падвальнага памяшкання ў суседніх Лазаўцах, хтосьці ўкраў бульбу. І нямала – 1 080 кілаграмаў. Узбуджана крымінальная справа, міліцыя працуе над тым, каб раскрыць злачынства.

У Краях адзін з мясцовых зладзеяў памкнуўся здзейсніць крадзеж з нежылога дома. Вынес на вуліцу два дываны, тэлевізар, але давесці свой злачынны намер да канца не змог – яго спыніў мясцовы жыхар, які выклікаў міліцыю.
Цікавы факт угону «Аўдзі 100» зарэгістраваны ў Івацэвічах. Мужчыне, які пражывае ў адной са шматпавярховак, патэлефанавала знаёмая, якая пацікавілася: што ты робіш у магазіне «Марцін»? Мужчына здзівіўся: не ў «Марціне», а дома я знаходжуся! Жанчына кажа: а чаму тут твая машына стаіць?
Мужчына кінуўся да акна, зірнуў і аслупянеў: прапала «Аўдзі», што стаяла на прыдамавой тэрыторыі. З сябрам яны памчаліся да «Марціна», там паспелі затрымаць жыхара Мінска, які змог украсці чужы легкавік, хацеў ехаць на ім у Мінск, але заскочыў у гандлёвую кропку, каб «затарыцца».
Вялікай праблемай з’яўляюцца крадзяжы рэчаў, якія знаходзяцца ў свабодным доступе. Так, жыхар Івацэвічаў выклікаў міліцыю, бо з яго прыдамавой тэрыторыі на вул. Ракасоўскага невядомы ўкраў больш за кубаметр абразной дошкі. У індывідуальнага прадпрымальніка, які разгарнуў сваю дзейнасць на плошчах былога Рамжылбуда (знаходзіцца каля кафэ «Бульбяная») раней судзімы злодзей украў электралічыльнік, каналізацыйны люк, два навясныя замкі… Як бачыце, ноччу зладзеі не сядзяць «без справы». І калі вы надзейна захоўвайце сваю маёмасць, то ён пройдзе міма.
Аляксандр КІКУН,
начальнік аддзялення
крымінальнага вышуку Івацэвіцкага РАУС.