Жыхары Івацэвіцкага раёна працягваюць «падтрымліваць рублём» інтэрнэт-махляроў па ўсяму зямному шару
Падман і выцягванне грошай з банкаўскіх плацежных картак атрымаў неверагодны размах; у параўнанні з мінулым годам у Івацэвіцкім раёне больш, чым у тры разы, павялічылася колькасць людзей, хто паведаміў рэквізіты сваёй карткі незнаёмым людзям і застаўся без грошай. Важны момант: асноўная катэгорыя падманутых – а іх ужо больш за 50 чалавек – моладзь ва ўзросце да 30 гадоў.
Больш сталыя людзі асцярожна ставяцца да кантактаў з незнаёмцамі, а вось «продвинутая» моладзь – не. Пасля яны звяртаюцца ў міліцыю – дапамажыце! Разбіраемся – і высвятляецца, што атрымальнік плацяжу грамадзянін Панамы, Зімбабве… Але як знайсці іх і прыцягнуць да адказнасці?
Адзначым два асноўныя спосабы падману нашых грамадзян. Першы: тэлефанаванне ад «прадстаўніка» банка, маўляў, з вашай банкаўскай карткай невядомыя махляры праводзяць падманныя дзеянні, таму важна яе паспець заблакіраваць. Для гэтага трэба пацвердзіць, што вы з’яўляецеся яе ўласнікам і назваць рэквізіты.
І хаця пра гэта папярэджвалі, напэўна, сотні разоў, нашы грамадзяне працягваюць наступаць на гэтыя граблі і паведамляюць не толькі нумар пластыкавай карткі з 16 сімвалаў, але і CVV (CVC)-код, які ні ў якім разе нельга паведамляць нікому.
Такія падманутыя грамадзяне маглі б звярнуць увагу, што тэлефанаванне паступае з Расіі, Літвы, Украіны, Польшчы. Калі вы картку атрымлівалі ў банкаўскім аддзяленні Івацэвічаў, то чаму вам тэлефануюць з-за мяжы?
Другі спосаб падману тычыцца тых грамадзян, хто ажыццяўляе продаж тавару на гандлёвых пляцоўках, найчасцей гэта «Куфар». Прадаўцу прыходзіць паведамленне, што тавар спадабаўся, унесена перадаплата (высылаецца скрыншот электроннага карт-рахунку), скідваюць ссылку на падманную старонку, дзе прадавец павінен увесці нумар карты, імя і, галоўнае, CVV (CVC)-код, які змешчаны на зваротным баку карткі.
Так рабіць ні ў якім разе нельга, бо пасля атрымання гэтых канфідэнцыяльных звестак зламыснік здзяйсняе крадзеж.
Каб не стаць ахвярай інтэрнэт-злачынцаў:
- Падтрымлівайце зносіны з пакупнікамі і прадаўцамі толькі ва ўнутраным чаце гандлёвай пляцоўкі. Не пераходзьце па ссылках, на якія вам прапаноўваюць перайсці.
- Насцярожана стаўцеся да неабходнасці ўводзіць дадзеныя вашай банкаўскай пластыкавай карткі. Калі нікому не паведаміце рэквізіты – вашы грошы не прападуць.
- Удакладніце ў субяседніка нумар тэлефона і патэлефануйце па ім, каб упэўніцца, што маеце справу з рэальным чалавекам, які пражывае ў Беларусі.
- Выкарыстоўвайце асобную банкаўскую картку для ажыццяўлення пакупак у інтэрнэце.
- Калі вам паступіў званок з «банка», ні ў якім разе не паведамляйце інфармацыю аб сабе і сваёй банкаўскай плацежнай картцы. Сапраўдны супрацоўнік банка ніколі не стане цікавіцца канфідэнцыяльнай інфармацыяй у тэлефонным рэжыме.
- Калі ў вас актывізавана паслуга «плацяжы ў сеці інтэрнэт», а вы не карыстаецеся ёй – адключыце яе! Камунальныя плацяжы вы зможаце аплачваць і без гэтай паслугі.
Вадзім ЛІШКО, начальнік Івацэвіцкага райаддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь.