Гісторыя жыхаркі г. Івацэвічы, якая захварэла на COVID-19 у другую хвалю

«У першую хвалю каранавіруса я нават хацела адпачыць дома на ізаляцыі…»

Але ў рэальнасці хвароба ўсёй сям’і была зусім не адпачынкам.

З такой думкі пачала свой расказ наша чарговая гераіня, якой літаральна на днях закрылі бальнічны ліст па захворванні на COVID-19. Яна не думала, што гэта так сур’ёзна, не чакала, што нават у свой 31 год так цяжка перанясе хваробу. Ды калі б яшчэ хварэць у адзіночку – новы вірус дабраўся да ўсёй вялікай сям’і, і у кожнага быў свой ковід. Жанчына падзялілася ўласнымі назіраннямі і сваёй гісторыяй захворвання.
«У самым пачатку, калі не было яшчэ падазрэнняў на ковід, я стала адчуваць праблемы з сэрцам. Пульс «зашкальваў», здавалася, што сэрца выскачыць з грудзей. Пасля моцна падняўся ціск. Вельмі балела патыліца, і старэйшая калега прапанавала памераць ціск. Такіх сімптомаў я не адчувала ніколі. Нават звярнулася да тэрапеўта, папрасіла накіраваць мяне на абследаванне. Прайшло яшчэ некалькі дзён, і прыхварэла мая дачка-падлетак. Яна не адчувала пахі, пачалася дыярэя. Я пазваніла ў «хуткую», нам сказалі ехаць у «брудную» зону. У дачкі ўзялі мазок, так і пачалася наша ковідная гісторыя. Яшчэ не прыйшлі вынікі тэсту нашай Вольгі (імёны змененыя – Рэд.), як усе мы: я, муж, малодшы сынок, – затэмпературылі.
Пасля прыйшоў Вольчын «плюс», ранкам муж рабіў сабе каву і не адчуў яе паху. Муж спужаўся, разбудзіў мяне. Дарэчы, на сваім вопыце скажу, што мужчыны большыя панікёры. Пасля пачаўся кашаль у сына, а я стала адчуваць толькі самыя насычаныя пахі: моцных духоў, часнаку, кавы. Мы вызвалі кантактную групу, ва ўсіх узялі мазкі. Нас адправілі на ізаляцыю. І тут перад маімі вачыма з’явілася карцінка яшчэ з часоў першай хвалі ковіду: мы ўсёй сям’ёй удосталь пагуляем у нашым двары з сабакам, пасмажым шашлык, даробім з мужам рамонт, і я ў рэшце рэшт зраблю генеральную ўборку ва ўсім доме…
Але рэальнасць атрымалася іншая. Каб вы разумелі, я з пакою прыходзіла на кухню і ўжо стамлялася, аблівалася потам. Мы з мужам па чарзе гатавалі ежу для дзяцей. Хоць першыя дні ніхто з сям’і нічога не еў. Мы шмат пілі, а есці не хацелася, бо не было сіл, ды і без пахаў смак у ежы не той. На жаль, бессімптомна ніхто з нашай сям’і не перанёс вірус. Чатырохгадовы сынок з тэмпературай быў вельмі актыўны першыя дні, пазней нават ён ляжаў суткамі ў ложку, у яго быў моцны кашаль, слабая была і дачка, яна не ела некалькі дзён. Мы з мужам пакутавалі ад моцных галаўных боляў, слабасці, патлівасці. Ва ўсіх было непрыемнае адчуванне ў горле і ў носе. У горле пяршыла, быццам ты наеўся пяску і не мог яго ніяк праглынуць, а ў носе шчыпала, як быццам ты панюхаў перцу.
Верыце, часам я нават плакала ад сваёй бездапаможнасці. Дзякую нашым сябрам і суседзям, якія ў час нашай ізаляцыі падтрымлівалі і працавалі кур’ерамі. Прывозілі ўсё неабходнае. Бо мы, на самай справе, ні кроку не рабілі з дому, хоць пазней нам дазволілі выходзіць у бліжэй-
шую аптэку ці магазін, карыстаючыся сродкамі індывідуальнай абароны. Але калі табе самому так дрэнна, то ты ні ў якім разе не захочаш рызыкаваць здароўем іншых.
Нам стала лягчэй толькі праз паўтара тыдні, з’явіўся настрой і нават захацелася ўпершыню выйсці ў двор, падыхаць. Ды і за рамонт па магчымасці ўзяцца (смяецца).
Што да работы медыкаў, дык тут вялікіх пытанняў да іх няма. Яны самі працуюць у цяжкіх умовах, па некалькі разоў на тыдзень мяняюцца інструкцыі. Не зразумела было, хто з’яўляецца кантактам, а хто не. Каму і калі браць тэст… У нас узялі паўторныя тэсты, аналізы крыві. Штодзень званіў наш участковы ўрач. Доктар нават дазволіла званіць ёй у любы час, калі з’яўляліся пытанні. А яны ў мяне былі, і я званіла. Ніколі мне не адмовілі.
Наш бальнічны закончыўся, дзеці ў школе і садку, мы з мужам ужо працуем, але былой сілы пакуль няма. Не ведаю, колькі гадоў жыцця адняла ў мяне гэтая хвароба, улічваючы, што нават на банальнае ВРЗ я амаль не хварэла. Цяпер не пажадаю такога «адпачынку» нікому. Беражыцеся і не спадзявайцеся на выпадак, не ва ўсіх атрымліваецца «праскочыць».
Запісала Наталля ГЕРБЕДЗЬ.