Жыхарка г. Івацэвічы атрымала з рук віцэ-консула пасведчанне аб узнагароджванні ордэнам Чырвонай Зоркі яе дзеда

28 кастрычніка Галіна Тэддэр, жыхарка г. Івацэвічы, атрымала з рук віцэ-консула Генеральнага консульства Расійскай Федэрацыі ў Брэсце Сяргея Лапцева пасведчанне аб узнагароджванні ордэнам Чырвонай Зоркі яе дзеда Мікалая Пятровіча Суханосіка.
Мікалай Пятровіч быў прызваны ў рады Чырвонай Арміі ў 1944 годзе, служыў у 295 гвардзейскім стралковым палку 96 гвардзейскай стралковай дывізіі. За час службы ўзнагароджаны двойчы. У электронным банку дакументаў «Подзвіг народа ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.» упамінаецца, што ў кастрычніку 1944 года Мікалай Пятровіч Суханосік пры штурме горада Шталупенен, падтрымліваючы дзеянні стралковай роты, прасунуўся з кулямётам наперад і вёў агонь па баявых кропках і пяхоце ворага, дапамог роце выбіць праціўніка з занятых рубяжоў і ўварвацца ў горад. У вулічных баях абстрэльваў асобныя дамы, дзе ўмацоўваліся варожыя аўтаматчыкі, вымушаў іх спыняць агонь, тым самым забяспечваў магчымасць стралкам прасоўвацца наперад. За гэта ён быў узнагароджаны медалём «За адвагу».
У студзені 1945 года ў наступальным баі ў раёне населенага пункта Ной Тракенен дапамагаў стралковаму ўзводу ў захопе варожай батарэі і знішчэнні двух дзотаў ворага. Праз некалькі дзён у баях у раёне Карманен, дзе праціўнік аказваў упартае супраціўленне, намагаючыся стрымаць наступленне нашых войскаў, Мікалай Пятровіч Суханосік прыкрываў дзеянні разведгрупы, дапамагаў ім ва ўсталяванні праходу ў мінным полі. У момант атакі ворага ўдарам з фланга па пяхоце, якая абаранялася, садзейнічаў поспеху стралковай роты ў авалодванні ўмацаваннем ворага з нанясеннем яму страт у жывой сіле і тэхніцы. Напрыканцы бою Мікалай Пятровіч быў паранены. За гэтыя подзвігі быў удастоены ордэна Чырвонай Зоркі, які быў не ўручаны байцу.
У сакавіку 1945 года Мікалай Пятровіч загінуў у баі, пахаваны ў брацкай магіле ў Калінінградскай вобласці.
– Аб узнагародах дзядулі дазналася, калі разбірала рэчы ў бабулінай хаце. Знайшла Ліст Падзякі, якім ён быў узнагароджаны, як удзельнік баёў пры прарыве абароны фашыстаў i ўварванні ва Усходнюю Прусію, кранальныя лісты з фронту да бабулі. На жаль, мой бацька не памятаў добра свайго бацьку, бо той пайшоў на фронт, калі сыну было два гады, – расказала Галіна Тэддэр. – Калі я адшукала гэтыя рэчы, то адразу не збіралася шукаць узнагароду, пра гэта падказаў мне сваяк Аляксандр Васiльевiч Суханосiк, які жыве ў Расіі. Адчула, што гэта мой абавязак, мая даніна памяці дзядулю і ўсім тым, хто абараняў нашу краіну ад ворагаў. Мне здавалася, што гэта вялікая і цяжкая работа, але ўсё аказалася не так складана. Спачатку напісала ліст у Цэнтральны архіў Міністэрства абароны РФ. Атрымала адказ, што першая ўзнагарода – медаль «За адвагу» быў уручаны, а вось запісу аб уручэнні ордэна Чырвонай Зоркі не маецца. Тады напісала ў Пасольства Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь. Пачала я пошук у сакавіку, а ў маі ўжо павінны былі ўручыць пасведчанне, але сітуацыя з каранавірусам змяніла планы.
Віцэ-консул Генеральнага консульства Расійскай Федэрацыі ў Брэсце Сяргей Лапцеў уручыў Галіне Суханосік пасведчанне аб узнагародзе і падкрэсліў, што асабліва кранальна такія падзеі праходзяць у год 75-годдзя Перамогі. Галіна Суханосік шчыра дзякавала яму за праведзеную работу і адзначыла, што пасведчанне будзе захоўвацца ў сям’і як самая цэнная рэліквія.
Памяці пра вайну не становіцца менш. Яна ў фотаальбомах, партрэтах, дакументах, кнігах, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Памяць – у пошуках фактаў і доказаў, якія не спыняюцца нават праз 75 гадоў пасля заканчэння вайны.
Ганна Ільяшэвіч, фота аўтара.