У Івацэвічах плануюць устанавіць відэакамеры на кантэйнерных пляцоўках

Камунальнікі б’юць трывогу: кантэйнерныя пляцоўкі ператвараюцца ў звалкі, становяцца месцам складзіравання самых розных адходаў. Старая мэбля, скошаная трава, галлё, будаўнічыя адходы…
Івацэвіцкія камунальнікі плануюць устанавіць некалькі відэакамер каля тых пляцовак дзе рэгулярна звальваюцца падобныя адходы.
Апошняй кропляй, якая перапоўніла чашу цярпення, стаў выпадак на вул. Пестрака: спецыялізаваны аўтамабіль камунальнікаў не змог адарваць ад зямлі кантэйнер, бо той быў завалены бетонам. Прыйшлося выклікаць кран, які ледзь змог пагрузіць гэты кантэйнер на прычэп трактара. Для камунальнікаў гэта ўсё дадатковыя расходы, прадпрыемства эканоміць кожную капейку.
Трэба прымаць больш радыкальныя меры.
– Камунальныя бытавыя адходы – тыя адходы вашай жыццядзейнасці, якія можна размясціць у вядро для смецця. Утылізацыя ўсяго іншага патрабуе іншых падыходаў, – звяртае ўвагу галоўны інжынер прадпрыемства Міхаіл Балбуцкі. – У вас ёсць старая мэбля? Не ведаеце куды падзець будаўнічыя адходы пасля рамонту, скошаную траву і іншыя адходы?.. Тэлефануйце на нумар 9-12-56. Прыедзе спецыяльная тэхніка, забярэ непатрэбную вам другасную сыравіну. Паслуга платная, але вы дакладна будзеце ведаць, што не прыйдзецца плаціць штраф за засмечванне кантэйнерных пляцовак.
Аляксандр ГОРБАЧ