Два новыя шматпавярховыя дамы ў Івацэвічах ужо засяляюцца

Прыемныя клопаты насталі для 76 сямей з Івацэвічаў, якія атрымалі новае жыллё ў двух шматкватэрных пяціпавярховых жылых дамах у квартале забудовы «Кляноўка».

Па словах Ірыны Івановай, галоўнага архітэктара Івацэвіцкага раёна, у кожным з дамоў размяшчаецца 38 кватэр, большасць з іх пабудаваны для шматдзетных сем’яў (58 кватэр). Ключы ад новага жылля атрымалі таксама грамадзяне, хто тут вёў долевае будаўніцтва (без дзяржпадтрымкі) – 10, і хто мае патрэбу ў сацыяльным жыллі (сіраты, інваліды і г. д.) – 8 кватэр. Агульная жыллёвая плошча – 2 357 кв. м (у кожным з дамоў).

Аб’екты ўзводзілі дзве вядучыя будаўнічыя арганізацыі Івацэвічаў – ПМК-11 і ПМК-18. Праведзена добраўпарадкаванне прылягаючай тэрыторыі, тут ёсць дзіцячыя пляцоўкі, сучасная паркоўка; пляцоўка для камунальных адходаў – закрытага тыпу, а кантэйнеры ў ёй – на калёсах.

На сённяшні дзень падобнае будаўніцтва шматкватэрных дамоў вядзецца ў Івацэвічах (вул. М. Танка) і ў Целяханах (вул. Механізатараў). У прыярытэце на атрыманне жылля – шматдзетныя сем’і, для сваіх работнікаў будуюць арэнднае жыллё і некаторыя прадпрыемствы і арганізацыі Івацэвічаў.

Аляксандр ГОРБАЧ.