Затрыманы таксіст у стане наркатычнага ап’янення

Некалькі дзён назад адзін з супрацоўнікаў АДАІ Івацэвіцкага РАУС спыніў аўтамабіль-таксі, які імчаў па «алімпійцы». Дзяржаўтаінспектар звярнуў увагу на не зусім адэкватныя паводзіны вадзіцеля – няўстойлівая міміка, пашыраныя зрэнкі вачэй…
Хаця алкагольны пах не ўлоўліваўся.
Супрацоўнік АДАІ вырашыў правесці дасканалы медыцынскі агляд у Івацэвіцкай ЦРБ. Высветлілася наступнае: гэты адносна малады вадзіцель таксі ва ўзросце каля 30 гадоў знаходзіцца ў стане наркатычнага ап’янення. Ён быў затрыманы, выкліканы кіраўнікі прадпрыемства, якое аказвае паслугі па пасажырскіх перавозках. Цікава, што яны, забіраючы аўтамабіль, самі здзіўляліся: маўляў, хлопец гэты вылучаўся паслухмянасцю, дысцыплінаванасцю…
Мінулыя выхадныя былі азмрочаны тым, што пераадолены псіхалагічны бар’ер у 100 чалавек, затрыманых з пачатку года ў стане алкагольнага і наркатычнага ап’янення. Менш за 100 п’яных вадзіцеляў за год у нас не атрымліваецца! Хаця і праводзім работу адпаведную, папярэджваем пра штрафы, пра крымінальнае праследаванне і нават канфіскацыю аўто, выступаем у СМІ, але…
Васіль ЖУР, начальнік АДАІ Івацэвіцкага РАУС.