Юка ад Івана Адамавіча Тарасевіча

На мінулым тыдні не стала ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, Ганаровага грамадзяніна Івацэвіцкага раёна Івана Адамавіча Тарасевіча. Праз некалькі дзён пасля пахавання да нас у рэдакцыю зайшоў яго сын Васіль з незвычайнай просьбай: «Дзяўчаты, можа, у вас знойдзецца месца для расліны ў вазоне… Яна засталася ад Івана Адамавіча, шкада… Няхай яна будзе вам напамінам пра майго бацьку. Ён сябраваў з раёнкай, шмат пісаў, рэдакцыя дапамагла выдаць яму кнігу… А мне заўтра трэба вяртацца дахаты, у Кіеў».


Мы, канешне, згадзіліся. Ды не здагадваліся, што замест расліны ў рэдакцыі з’явіцца цэлае дрэва – юка вышынёй каля 1,5 метра. Калі разгаварыліся з Васілём Тарасевічам, высветлілася, што юка не зусім звычайная, а з гісторыяй.
Такі падарунак на сваё васьмідзесяцігоддзе атрымаў Іван Адамавіч Тарасевіч ад сваёй знаёмай з Германіі – валанцёра Ульрыкі Егер. Сын Васіль ужо не памятае, як яго бацька пазнаёміўся з ёю, аднак ведае, што яны шмат гадоў сябравалі і супрацоўнічалі. Па ініцыятыве педагога з горада Бюндэ Ульрыкі Егер маладыя валанцёры, пераважна школьнікі, абедзвюх краін – Беларусі і Германіі – аб’ядналіся для агульнай альтруістычнай справы. Яны даглядалі за месцамі пахавання нямецкіх і беларускіх салдат, дапамагалі адзінокім састарэлым людзям. Інтэрнацыянальны праект аб’ядноўвае моладзь – дзеля міру ў свеце і як прыклад братэрства народаў.
Іван Адамавіч Тарасевіч разам з Ульрыкі Егер вазілі школьнікаў на экскурсію на дзясяты шлюз Агінскага канала ў Выганашчы, дзе праходзіў сур’ёзны бой партызан з акупантамі і дзе перамогу атрымалі партызаны. Вось што пісаў у сваёй кнізе ўспамінаў «Мое наследие» (другое выданне, с. 179) Іван Адамавіч Тарасевіч:
«Разве мог я подумать тогда, в далеком 1945 году, когда лежал раненый в медсанчасти, что в преклонные годы буду встречаться не только с нашей молодежью, но и с немецкими детьми, и рассказывать им о боях с фашистами. Эти встречи и ежегодные поездки с ними вот уже более десятка лет к 10-му шлюзу Огинского канала, где в годы войны прошел серьезный бой партизан с оккупантами, открыли для меня их переживания, их чувство вины за те события и за своих предков. Наши люди давно нашли в себе силы простить народ Германии, тем более, потомков этого народа. Как оказалось, и среди немецкой молодежи немало тех, кто способен осознать весь ужас пережитого и не ожесточиться против другой страны».
Іван Адамавіч Тарасевіч быў сапраўдным патрыётам сваёй краіны, да яго жыццёвай мудрасці і душэўнай глыбіні нам усім трэба імкнуцца.
Ад сябе толькі дабавім – пастараемся зберагчы надаўжэй юку, якая засталася нам на памяць ад Івана Адамавіча Тарасевіча.
Юлія КАВАЛЁВА, фота аўтара
і з архіва сям’і Тарасевічаў.