Валанцёраў большае, а іх гадаванцы знаходзяць сяброў нават у Еўропе і Амерыцы

Прыемна канстатаваць, што ідэя стварэння прытулку для сабак рэалізавалася паспяхова, а людзей, нераўнадушных да праблем братоў нашых меншых, становіцца больш. І да іх далучаецца моладзь – Ігар, Алена і Ганна дапамагаюць валанцёрам у прытулку па суботах. Таксама рыхтуецца стаць сапраўдным валанцёрам (як дзяўчаты сказалі, пакуль на стажыроўцы) дзяўчына Паліна.
Колькасць «хвосцікаў», якія знайшлі сабе дом і новых гаспадароў, расце з кожным месяцам. І ў гэтым вялікая заслуга саміх валанцёраў, адміністратара груп у сацыяльных сетках «Мой новый лучший друг». Дзякуюць валанцёры і «ІВ», бо праз аб’яву ў райгазеце за новым сябрам часцей сталі звяртацца людзі з усяго раёна.
Аднак не толькі па ўсім раёне вандруюць гадаванцы з прытулку на Сікорскага. Валанцёрства пашырае межы і супрацоўніцтва: 19 сабак адправіліся на пастаяннае жыхарства ў Расію: 15 паехалі ў Калугу, а чацвёра засталіся ў прыватным прытулку ў Маскве. Гэта вынік узаемадзеянне з расійскімі калегамі. Дарэчы, адна выхаванка (з «боркаўскіх») пражывае ў гаспадароў у Маскве і нават займаецца з кінолагам («ІВ» у №49 пісаў пра адзін дзень з валанцёрамі і «боркаўскіх» маленькіх сабачанят на чыгунцы, дзе з дзевяці выжылі толькі трое, якія і трапілі ў прытулак). Яшчэ адзін «хвосцік», які быў у расіян, ужо паляцеў у Амерыку да сваіх новых гаспадароў, а другі рыхтуецца адправіцца ў Бостан. У аднаго гадаванца цяпер фінскі «пашпарт» – жанчына з Фінляндыі прыязджала за ім у Івацэвічы і забрала яго да сябе.
У прытулку па Сікорскага шмат розных сабак: так званых «дварняжак» і пародзістых, дзікаватых і дружалюбных, амаль здаровых, але шмат і з сур’ёзнымі праблемамі: з адбітай лапай, без вока, з пухлінамі (так, гэта напасць закранае не толькі людзей). Але двайное шчасце для валанцёраў, калі ўдаецца прыстроіць асаблівых «хвосцікаў»: маладога шчанюка без лапы забралі ў сям’ю ў Горталь, а з адным вокам – у Пружаны. Нават аперацыі робяць па выдаленні пухлін, канешне, не без умелых рук ветурачоў.
На днях валанцёрам патэлефанавала работнік Івацэвіцкага ТЦСАН з незвычайнай просьбай аб дапамозе. Справа ў тым, што яе падапечны, адзінокі пенсіянер, якому за 80 гадоў, трапіў у райбальніцу, а ў яго двары прыватнага дома па вуліцы Клютко жыве 15! сабак. Сабакі дзікія, не падпускаюць да сябе, жанчына не ведае, што ёй рабіць. Дзяўчаты-валанцёры наглядаюць за імі і просяць аказаць пасільную дапамогу сухім кормам.
Валанцёры выказваюць шчырую падзяку ўсім нераўнадушным людзям за дапамогу прытулку і гадаванцам, асобны вялікі дзякуй сям’і Яўгеніі і Мікалая, а таксама – намесніку старшыні райвыканкама Алегу Раўчэні за дапамогу ў вырашэнні пытанняў адносна прытулку і ўтрымання ў ім сабак.
Калі ў вас ёсць жаданне стаць сябрам для гадаванцаў часовага прытулку па Сікорскага, падарыць ім сваю любоў і ўвагу, альбо проста дапамагчы валанцёрам у іх няпростай справе, тэлефануйце па наступных нумарах: (8029) 525-44-15 Святлана, (8033) 323-44-40 Вольга. Прымаецца любая дапамога.
Марыя Сазонава.