“Рысі” ідуць без паражэнняў

У кастрычніку стартавала першынства Брэсцкай аматарскай хакейнай лігі “Бярэсце”, актыўны ўдзел у якім традыцыйна бярэ галоўная хакейная каманда Івацэвічаў – “Рысі”.

Старт аказаўся больш чым удалым.

Пасля трох згуляных матчаў наша каманда мае тры перамогі, паслядоўна разгромлены “Палессе” – 10:4, “Гарынь” – 4:1, “Крэпасць” – 3:1. “Рысі” – адзіная каманда, якая не мае паражэнняў. У лік лепшых бамбардзіраў лігі ўваходзяць нашы нападаючыя Аляксандр Ануфрыюк, Сяргей Паўловіч, Сяргей Гарчакоў.

-У нас сфарміраваўся моцны касцяк, напрацаваны гульнявыя сувязі, хлопцы адказна ставяцца да трэніровак, – тлумачыць адзін з лідараў каманды Сяргей Паўловіч. – На пазіцыю варатара прыйшоў наш зямляк з Івацэвічаў, які пражывае ў Мінску, – ён якасна гуляе на апошнім рубяжы. “Рысі” даюць бой кожнаму саперніку – адсюль першае месца ў турнірнай табліцы.

Аляксандр ГОРБАЧ.