Каля 50 000 рублёў затраціла лесапаляўнічая гаспадарка «Выганаўская» на зарыбленне сваіх вадаёмаў

Каля 50 000 рублёў затраціла бягучай восенню лесапаляўнічая гаспадарка «Выганаўская» на зарыбленне сваіх вадаёмаў – азёр Выгашчанскае, Бабровіцкае, канала Агінскага.
Зарыбленне праводзілася ў два этапы: так, 10 лістапада ў Выганашчанскае возера запушчаны карп двухгадовы (17 302 шт., агульная вага – 3 893 кг), шчупак сяголетак (1 323 шт., вага – 565 кг), сом сяголетак (151 шт., вага – 142 кг). Праводзілася ў гэты дзень зарыбленне карпам і таўсталобікам і Бабровіцкага возера.
А 16 лістапада ў Бабровіцкае возера засялілі аднагадовыя карпы (больш за 30 000 шт.) і таўсталобікі (каля 11 000 шт.), гэтыя віды рыб трапілі і ў Выганашчанскае возера – усяго ў гэты дзень у два дадзеныя вадаёмы выпушчана каля чатырох тон рыбы. Запланавана да канца восені яшчэ запоўніць вадаёмы сомам, шчупаком і карпам.
Дарэчы, сом з усіх гэтых відаў рыб самы нязвыклы, але, як паведамляе «ІВ» Мікалай Брычкалевіч, кіраўнік ЛПГ «Выганаўская», «рыбны набор» падбіраўся вучонымі з Мінска, якія распрацавалі адпаведнае рыбалоўна-біялагічнае абгрунтаванне.
ХХХ
Мікалай Брычкалевіч папрасіў звярнуць увагу на яшчэ адну праблему. На беразе возера Бабровіцкае знаходзіцца нямала лодак, немагчыма нават разабрацца ў тым, хто з’яўляецца іх гаспадаром. Між тым, інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя запатрабавала навесці парадак на берагах вадаёма. Мікалай Брычкалевіч нагадвае: кожная лодка павінна мець бартавы нумар і быць зарэгістравана. Пакуль з гэтым вялікія праблемы. Просім навесці парадак у гэтай справе, не чакаць, пакуль кіраўніцтва ЛПГ стане прымаць больш радыкальныя меры.
Аляксандр ГОРБАЧ.