Працяглы і ўраджайны грыбны сезон

Адзін белы, некалькі польскіх і два вядры зялёнак і падзялёнак набралі пенсіянеры з в. Горталь Павел і Святлана Фядковічы 18 лістапада ў лясах за в. Рудня. На наступны дзень, 20 лістапада, дачка Таццяна зноў паклікала паехаць на «ціхае паляванне» ў той жа лес. І таксама яно было ўдалым – зноў два вядры крамяных асенніх зелянух у бацькоў і столькі ж у дачкі.
– Сёлета грыбны сезон вельмі працяглы і вельмі ўраджайны, – кажа Павел Сцяпанавіч. – Набралі ў верасні-кастрычніку белых грыбоў многа: гаспадыня і назакатвала, і насушыла, і намарозіла – усім дзецям хопіць. А ў гэтыя дні паехалі проста наўгад, думаем, паглядзім, раптам ёсць што. Заехалі, а іх там столькі! Паставіш вядро на адной мясціне, вакол яго абхо-
дзіш туды-сюды і амаль паўвядра збярэш. Пасля марозіку пацяплела, дожджык прайшоў і растуць зялёнкі. Прыгожыя такія, чыстыя. Яны і далей будуць расці, калі будзе цёпла.
Жыхары вёскі казалі, што ў гортальскіх лясах зялёнак амаль няма, а ў руднянскіх – шмат. Туды па выхадных шмат пінскіх прыязджае. Пад сотню чалавек па лесе ходзіць, але ўсе з грыбамі едуць адтуль.
Дзіва дзіўнае – грыбы ледзь не да зімы! А ў Горталі не здзіўляюцца. Успамінаюць, што быў выпадак, калі стары жыхар дзядзька Іван (нябожчык ужо) вырашыў схадзіць у лес на Каляды, і на праталінах па імху набраў падмерзлых зялёнак. Адталі дома – суп зварыў!
Валянціна БОБРЫК.