Жыхар Стаек “прадаў” аўтамабіль і… застаўся без грошай

Хто не ведае знакамітую формулу ўзаемаабмена тавараў і грошай? З гэтай формулай: тавар-грошы-тавар – любы з нас сутыкаецца дзясяткі разоў за дзень. Але, на жаль, хітрыя і здольныя да махлярства людзі могуць дазволіць замяніць любы з гэтых пунктаў абяцанкамі.
Жыхар в. Стайкі вырашыў прадаць свой аўтамабіль – далёка не новы «Форд», стан не самы лепшы. Тым не меней, 400 долараў (або 840 рублёў па курсе Нацбанка) мужчына хацеў атрымаць за легкавік. На аб’яву адгукнуўся жыхар Слоніма, асоба цыганскай народнасці, які прапанаваў гаспадару легкавіка наступныя ўмовы: аўтамабіль я зараз забяру, а разлічуся пасля, бо я прадаў свой «БМВ», мне вось-вось аддадуць грошы – і я вярну на працягу месяца 400 долараў. Тым больш, што ваш «Форд» патрабуе рамонту, я яго давяду да толку, падрамантую…
І гаспадар «Форда» пагадзіўся з прапановамі пакупніка, нават атрымаў адпаведную распіску.
Але як толькі гэты жыхар Слоніма завалодаў аўтамабілем, то танальнасць яго гутарак з нашым земляком са Стаек стала мяняцца: праз месяц ён пачаў гаспадара «Форда» карміць, як кажуць, «завтраками», пасля стаў нерэгулярна адказваць на тэлефанаванні. Тады наш зямляк стаў пагражаць міліцыяй, але гэтыя ўшчуванні не вельмі моцна падзейнічалі на жыхара Слоніма: ён абяцаў то часткамі аддаць грошы, то спасылаўся на адсутнасць работы і неабходнасць выхоўваць двух малалетніх дзяцей. Карацей, ні капейкі пацярпелы жыхар Стаек так і не ўбачыў.
Была ўзбуджана крымінальная справа па арт. «Махлярства», у ходзе якой стала вядома, што гэты «Форд» быў ці то перапрададзены, ці то абменены на «Фольксваген», пасля «Фольксваген» абмянялі на «Пежо», а «Пежо» на «Жыгулі»… У дадзенай заблытанай справе суд разбіраецца і зараз, кропка ў працэсе не пастаўлена, хаця вінаваты, канешне, будзе прыцягнуты да адказнасці. Як стала вядома, гэта не першая крымінальная гісторыя ў жыццядзейнасці абвінавачанага, звязаная з пакупкай аўтамабіля.
Якія высновы можна зрабіць з гэтай як быццам простай гісторыі? Любую здзелку вырашайце на месцы, без адтэрміновак, абяцанак, распісак і іншых хітрыкаў. Безумоўна, вінаваты ў вышэйзгаданай гісторыі ўсё роўна сядзе на лаву падсудных, але гэта яшчэ не гарантуе вяртання грошай ці тавару.
Адзінае, што дакладна гарантуецца, – страчаны час, страчаныя нервы…
Абяцанкі – гэта не тая валюта, якой можна давяраць!