Жыхар г. Івацэвічы ледзь не забіў адным ударам “суперніка”

У кафэ ўніверсама «Івацэвіцкі» ў адзін з вечароў адпачывалі мужчыны, ужывалі спіртное. Двое з іх – 47-гадовы Ж. і 43-гадовы З. – толькі што пазнаёміліся ў гэтай установе, аднак ужо паспелі пасварыцца. Для разбіральніцтваў яны выйшлі на вуліцу. Ж. ударыў кулаком З., той упаў, ударыўшыся галавой аб тратуар.
Прычым З. так няўдала ўпаў і так моцна ўдарыўся галавой, што прыйшлося выклікаць «хуткую». Мужчына ў цяж-
кім стане быў шпіталізаваны, а ў адносінах да Ж. узбуджана крымінальная справа па арт. 155 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь «Нанясенне цяжкіх цялесных пашкоджанняў па неасцярожнасці».
ХХХ
Крадзяжы з нежылых дамоў ужо даўно, як ні прыкра, сталі руціннай і звыклай справай супрацоўнікаў нашага райаддзела міліцыі. Не жадаюць гаспадары належным чынам умацоўваць свае дамы-кватэры! Апошні падобны выпадак адбыўся ў Косаве: з дома вынесены цюнер, электрагрэлка, кавамолка, посуд, адзенне… Нам удалося выкрыць злачынцу, ім аказаўся раней судзімы мясцовы жыхар 1974 г. н., які хутка зноў сядзе на лаву падсудных.
Аляксандр КІКУН, начальнік аддзялення крымінальнага вышуку Івацэвіцкага РАУС.