У Гошчы да 500-годдзя вёскі пасадзілі сасновы бор

У Гошчы – невялікай вёсачцы Амяльнянскага сельсавета, дзе зарэгістравана крыху больш за 30 жыхароў, у апошнія гады ідзе рух. Пачалося ўсё з таго, што ў гэтым прыгожым азёрным краі набыў сабе хату пад лецішча, а затым і пустуючы будынак былога магазіна жыхар Брэста Анатоль Рагацэвіч…

З цягам часу на месцы магазіна з’явіўся дом рыбака-паляўнічага. Следам за Анатолем з Брэста ў Гошчу пацягнуліся сябры. Адзін з іх, Ігар Чарненка, таксама набыў тут стары дом і зрабіў яго рэканструкцыю, другі, Аляксандр Міховіч, набыў  зямельны ўчастак і пабудаваў дом. Разам яны ўзяліся за навядзенне парадку ля возера, а мясцовая ўлада ім у гэтым спрыяла. Расчысцілі прыбярэжную паласу – і на беразе з’явіліся невялікія пляжныя зоны для адпачынку.

А напрыканцы лістапада дзякуючы старанням гэтых трох мужчын і іх сяброў на плошчы каля гегтара быў пасаджаны сасновы бор у гонар 500-годдзя Гошчы, якое вёска адзначыла ў жніўні. Сеянцы набылі самі, трактарам нарэзалі разоркі. Увасьмярых шчыравалі на пустцы два дні. Хутка тут з’явіцца камень, на якім будзе пазначана памятная дата, да якой прымеркавалі пасадку дрэў.

Рада ініцыятыве і цікавасці да гэтых мясцін старшыня Амяльнянскага сельвыканкама Валянціна Гарошка. Здаецца, вёска малая, ды завіравала ў ёй жыццё. Анатоль Рагацэвіч зазначыў у нашай размове, што трапіў у Гошчу выпадквова – як паляўнічы, як рыбак. Сваякоў у яго тут няма, ды мясціны аказаліся па сэрцы, захацелася мець тут прыстанішча. Спадабалася вёска і знаёмым – хутка новых гаспадароў стала трое. І гледзячы на тое, як яны ўзяліся за навядзенне парадку, сталі ім дапамагаць і мясцовыя жыхары, нашчадкі сядзіб. Многія ля сваіх хат прыбралі як след, памянялі платы. Хочацца жыць у прыгожым месцы, падкрэсліў Анатоль.

Сосны растуць хутка. За іх сцяной схаваюцца сядзібы ад пылу з палёў. Запахне хвояй, стане чысцейшым паветра. Да таго ж бор – гэта проста прыгожа. Як і ўчынкі тых людзей, якія ратуюць ад знікнення, ад нябыту чужую малую радзіму.

Вольга ШЭЛЯГОВІЧ.