Узнагародамі і сертыфікатамі падтрымаў медыцынскіх работнікаў Беларускі фонд міру

У Беларусі прайшла рэспубліканская акцыя Беларускага фонда міру «Паклон вам нізкі – нашы дактары» па ўшанаванні медыкаў, якія прымаюць непасрэдны ўдзел у лячэнні пацыентаў з COVID-19. У нашым раёне ў рамках акцыі ўзнагароды атрымалі трое работнікаў Івацэвіцкай ЦРБ.

Ушаноўванне адбылося ў актавай зале райбальніцы ў першы дзень зімы, якая можа быць няпростай для медыкаў – у пандэмію ім цяжэй за ўсіх.
Пра гэта ў сваім вітальным слове гаварыў старшыня раённай арганізацыі ГА «Беларускі фонд міру», начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Аляксандр Велікаселец, які і ўручаў узнагароды. Ён зычыў медработнікам здароўя, дзякаваў за работу і выказаў спадзяванне, што мы хутка забудземся пра каранавірус – напасць, з якой літаральна за год многія пазнаёміліся блізка. І наколькі няпроста цяпер медыкам, ён ведае не па чутках.
Найперш Аляксандр Велікаселец павіншаваў з узнагародай галоўнага ўрача раённай бальніцы Васілія Юзефовіча, які ўдастоены медаля «Заслужаны міратворац» – за высокапрафесійную арганізацыю работы і правядзенне прафілактычных і лячэбных мерапрыемстваў падчас пандэміі. Затым галоўная медсястра УАЗ «Івацэвіцкая ЦРБ» Ларыса Мікалаеўна Бахмат атрымала Ганаровую грамату Беларускага фонда міру за значны ўклад у барацьбу з эпідэміяй COVID-19 і самаадданую працу пры выкананні прафесійнага абавязку. Аналагічная Ганаровая грамата была ўручана і Аліне Валер’еўне Фурык, урачу-эндакрынолагу, якая часова працуе тэрапеўтам тэрапеўтычнага аддзялення ЦРБ. Да ўзнагарод былі і дапаўненні, ў тым ліку сертыфікаты ад магазіна «5 элемент».
Галоўны ўрач райбальніцы Васілій Юзефовіч дзякаваў за работу сваім калегам, працу якіх адзначыў Беларускі фонд міру. Наконт Ларысы Мікалаеўны ён сказаў ёмка – яна яго правая рука, чалавек адказны і дасведчаны. А Аліна Валер’еўна, малады і перспектыўны доктар, без лішніх пытанняў выконвае ўсе даручэнні, звязаныя з работай у аддзяленнях для пацыентаў з COVID-19. Менавіта такія «байцы», якія гатовы працаваць самааддана, і патрэбны медыцыне ў час барацьбы з пандэміяй.
ГА «Беларускі фонд міру» не ўпершыню аказвае падтрымку нашым медыкам. У ліпені бягучага года Івацэвіцкую ЦРБ наведваў старшыня праўлення Фонда міру Максім Місько, які перадаў райбальніцы тэлевізар, халадзільнік і шафу ў палату тэрапеўтычнага аддзялення, прызначаную для ветэранаў вайны і працы. А раённая арганізацыя Беларускага фонда міру пералічыла райбальніцы грошы на набыццё сродкаў індывідуальнай абароны.
Вольга ШЭЛЯГОВІЧ
(фота аўтара).