Простых камянёў не бывае

У загалоўку – камяні, а спытаю пра зуброў: ці ведаеце вы, што ў беларускіх зуброў, у кожнага, ёсць сваё імя? Больш за тое, як зубры беларускія, дык усе імёны пачынаюцца з літары Б. Напрыклад, у Гродзенскім заапарку самачку-зубраня назвалі Бэлай.
З успамінаў: наш настаўнік працоўнага навучання арганізаваў у школе гурток разьбы па дрэве. Ахвотных было многа. Аднойчы аднакласнік прыцягнуў у школу яловы корч. Такі выродлівы – рэшткі каранёў-сукоў тырчаць ва ўсе бакі. Мы з яго пачалі смяяцца, а настаўнік на нас цыкнуў, пакруціў той корч у руках… Хапіў з галавы аднаго з нас шапку, нахлабучыў на пень, прыкрыў рукой адзін сук і кажа нам: «Ну, хто не бачыць, што гэта лясун?». Мы сцішыліся ў момант – бо разам пабачылі ў карчы фантазійнае стварэнне. Страшнае і смешнае адначасова…
З тых заняткаў мы вучыліся бачыць незвычайнае ў звычайных рэчах. І помнілі галоўнае: «Каб раскрыць створанае прыродай, дастаткова трох-чатырох штрыхоў. Не пераробліваць, а толькі пабачыць – і паказаць іншым, зрабіўшы тыя тры штрыхі…»
Тое правіла тычыцца ўсяго, створанага прыродай – ці то дрэва, ці то каменя.
Да камянёў у беларусаў спакон веку адносіны асаблівыя. Наўрад ці яшчэ знойдзеш такую краіну, дзе б кожны вялікі камень меў сваю гісторыю, а то і назву. Чаму так сталася, і чаму з усіх суседзяў мы так шануем гранітныя валуны, адно Богу вядома. А як мае камень яшчэ якую адмеціну, кшталту паглыблення на паверхні, падобнае на след нагі, то ўвогуле надзяляецца людзьмі чароўнымі ўласцівасцямі. Следавікі – так называюць вучоныя такія камяні. «То Маці Божая ножкай ступіла…», – перакананыя нашы людзі.
Адны валуны ў нас ад пачатку былі на паверхні зямлі, а вось частка, кажуць людзі, вырастала. Нашых продкаў надта не цікавілі прычыны, пры якіх камяні сапраўды пакрысе могуць «расці». Для іх быў важны сам факт: вось была толькі макаўка валуна, а вось праз 50 гадоў – ён напалову, велізарны, ўжо на паверхні. Факт сапраўды цікавы. Да прыкладу, сёння вядома пра каменны тураўскі крыж, які паступова «вырастае» з зямлі. І хоць вучоныя быццам лёгка тлумачаць гэтую з’яву – калі камень нібы выпіхвае з сябе зямля, самае цікавае вось у чым: каменны крыж у Тураве пачаў расці каля 20 гадоў таму, а да гэтага многія дзясяткі гадоў свяцілася адно макаўка. І многія валуны вырасталі менавіта ў нейкі перыяд кожны, не ўсе разам. Можа, і адшукаецца некалі рэальны падмурак гэтых з’яў, а мы пакуль згадваем ад нашых продкаў перададзенае: што зямля наша ні родзіць – нам на здабытак ды на радасць. Ці гэта лес хваёвы, ці азярына чыстая, ці поле жытнёвае. Ці вялізны камень-валун…
Вельмі рэдка з гранітных валуноў рабілі нашы продкі крыжы. Дарэчы, іх форма не таму прымітыўная была, што не стараліся майстры і граніт цвёрды. А таму, што важна было толькі прыдаць каменю форму крыжа. Раскрыць яго сутнасць.
Нейкаму каменю наканавана было стаць крыжам. Нейкаму – ахвярнікам, і сёння на пляскатую ягоную паверхню пакладзе дзяўчына букецік валошак. Нейкаму – межавым каменем. Яшчэ іншаму – служыць геаграфічнай кропкай адліку. У любым выпадку, вялікі валун займаў сваё асаблівае месца ў іерархіі каштоўнасцей беларуса.
Можа, на нейкім генетычным узроўні базіруецца наша ўвага да вялікіх камянёў. Бо як патлумачыць іначай той факт, што і сёння, з улікам усіх-усякіх павеваў новага веку не праходзіць, не мінаецца.
…Гэты валун таксама рос у полі ля Ёдчыкаў пакрысе, па сваіх невядомых законах. Толькі верхняя частка ягоная была крыху відаць, і трактарысты старанна абміналі яе плугамі – ведалі, што камень вялікі. Але наколькі вялікі – уявіць не мог ніхто.
Пачалося звычайнае па нашым часе будаўніцтва ў гаспадарцы. Замінаў камень. Калі «Амкадорам» расчысцілі вакол яго зямлю, пабачылі магутнасць валуна. Больш за два метры даўжынёй, больш за метр у вышыню і ў таўшчыню. Такі велізарны камень у нашым раёне – рэдкасць вялікая.
Вось тут няйначай і адыгралі гены сваю ролю – не кінулі камень ляжаць на зямлі: валун такіх памераў – каштоўнасць. Таму – у райцэнтр яго. І на плошчу. Хай глядзяць усе, хай дзівяцца. Абыходзілі з усіх бакоў, аглядалі. І вырвалася ў некага: «Быццам зубр. Бач, шыя, карак якія магутная, галаву нахіліў…». Нехта згадзіўся: быццам ёсць нешта. Нехта не пабачыў нічога.
Апроч іншых, падзівіўся на камень мастак. І таксама сказаў, што бачыць зубра. І дапаможа пабачыць іншым. Яму дазволілі. Ён узяў інструмент і зрабіў некалькі штрыхоў.
І тады ўжо ўсе пабачылі зубра.
Зірніце на здымак, пабачце і вы.
Мой некалішні настаўнік казаў мне: «Перш чым спрабаваць ствараць прыгажосць, пабач яе ў прыродзе». Калі яна схаваная ад многіх вачэй, а ты пабачыў і раскрыў іншым – ты майстар, ты мастак. Ты – са шчодрай душой.
Цяпер у нас на плошчы райцэнтра не проста валун. А валун-зубр. Дарэчы, помнікаў зубрам зусім і не многа. Самы вядомы – на мяжы Мінскай і Брэсцкай вобласці, на горцы ля трасы М1. У Мінску – скульптура з падсветкай. А ў нас ёсць валун-зубр…
Некалі даўно зубры жылі ажно да Масквы. На іх палявалі. Іх забівалі на правіянт войскам. Дарэчы сказаць, у 1559 годзе вялікі князь літоўскі і кароль польскі Жыгімонт Аўгуст даручыў каралеўскаму маршалаку Вялікага Княства Літоўскага Рыгору Валовічу правесці рэвізію ўсіх пушчаў і пераходаў звярыных, а асабліва зуброў. Менавіта дзякуючы гэтай рэвізіі з’явіліся пісьмовыя згадкі пра многія нашы населеныя пункты. Былі ў той рэвізіі запісаныя і пушча Бялавіцкая і пра звяроў у ёй, у тым ліку і зуброў. Так што зубр – наш, агульны, беларускі. І хто ведае, некалі мо з’явіцца і ў лясах нашага раёна. Як раней – у тых самых пушчах Бялавіцкіх. Нам бы толькі захаваць для зубра саму пушчу…
Зубру – пушчу, чалавеку разуменне.
Прыпыняюся ля валуна-зубра, гляджу няўцямна і пакрысе крышталізуецца тая думка, якая дагэтуль была няўлоўнай.
І валун гранітны стварэнне прыроднае, і лясны корч. І – чалавек. Каб раскрыць схаваную прыгажосць і таленты са здольнасцямі, мабыць жа, з чалавекам як з гэтым валуном паступаць трэба. Не сячы з-за вуха. А толькі зрабіць тры-чатыры штрыхі: падказаць, падтрымаць, даць волю і дапамагчы.
І раскрыецца прыхаваная прыгажосць і сіла.
Вось такая для мяне зубрыная сімволіка ў гранітным валуне.
Валерый Гапееў.