Швачкі швейнага цэха філіяла «Камбінат кааператыўнай прамысловасці» з красавіка пашылі 100 тыс. масак

Камбінат кааператыўнай прамысловасці мае шырокую лінейку прадукцыі, пачынаючы ад хлебабулачных вырабаў, газіраваных напояў да поліэтыленавых мяшэчкаў. І швейны цэх з’яўляецца добрым памочнікам у выкананні прагнозных паказчыкаў. Лінейка вырабаў швейнага цэха філіяла таксама шырокая: тут шыюць камплекты пасцельнай бялізны, ручнікі – ад кухонных да лазневых камплектаў, коўдры, падушкі, рабочае адзенне, маскі, аказваюць паслугі па рамонце і пашыве адзення.

– Дарэчы, новы від прадукцыі нашага цэха – падушкі, – расказвае кладаўшчык Вольга Хламчук. – Сыравіну для іх вытворчасці атрымліваем ад кампаніі ТДА «Каміса» і з Антопальскай прадзільнай фабрыкі. І пасцельную бялізну шыем пад патрэбу пакупнікоў – прасціны на гумцы, камплекты па еўрастандартах. І традыцыйныя камплекты шыем, і падарункавыя наборы фарміруем. Да 500-годдзя Івацэвічаў выпусцілі падарункавыя наборы камплектаў ручнікоў. Найбольш карыстаецца попытам ва ўсе часы пасцельная бялізна. Штомесяц кроіцца, шыецца і разбіраецца. Мы ў асноўным працуем у сістэме спажыўкааперацыі на прасторах вобласці. Спецадзенне шыем таксама для сістэмы кааперацыі. У нас жа свая аўтабаза, філіял «Каапнарыхтпрам», іншыя філіялы. І па вобласці многа заказаў, бо з Брэсцкага аблспажыўсаюза швейныя цэхі засталіся толькі ў нас, у Бярозе, Драгічыне і Пружанах. Гаспадаркі мясцовыя любяць з намі працаваць, заказваюць спецадзенне.

У сувязі з пандэміяй збыт у цэлым крыху зменшыўся, але ўзрос попыт на маскі. За мінулы месяц швачкі пашылі шэсць тысяч экзэмпляраў, а за ўвесь перыяд, пачынаючы з красавіка, – каля 100 тыс. штук. Напачатку ў цэху шылі шматразовыя маскі і на продаж, на сённяшні дзень лёгкая прамысловасць, працуе добра, і швейны цэх маскі шые для ўласных патрэб Івацэвіцкага райста, дзе занята звыш тысячы чалавек, і для іншых райста вобласці.
Дарэчы, пры пакупцы прадукцыі цэха тут жа на месцы для пакупнікоў скідка 10 працэнтаў. Такую ж скідку можна атрымаць у магазінах спажыўкааперацыі, куды адпраўляецца прадукцыя цэха, але толькі падчас акцый.