Юная мастачка Майя Капыціч з г.п. Целяханы – стыпендыят Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі

Навучэнцы ДУА «Дзіцячая школа мастацтваў г. п. Целяханы» Майі Капыціч уручана пасведчанне Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі на атрыманне персанальнай стыпендыі.

Майя Капыціч займаецца выяўленчым мастацтвам з пяці гадоў. Яшчэ дашкольніцай яна наведвала заняткі па інтарэсах у Цэнтры дзіцячай творчасці г. п. Целяханы, займалася маляваннем у педагога Наталлі Аляксандраўны Фядковіч. І маленькая Майя была шчаслівай, калі мама забірала яе з дзіцячага садка раней, каб прывесці на заняткі ў «Акварэльку». Дзяўчынка так старанна выконвала гуртковую праграму, што яе малюнкі нараўне з работамі школьнікаў выстаўляліся на рознага кшталту выстаўках і
ўдзельнічалі ў конкурсах рознага ўзроўню. У шэсць гадоў ужо Майя, прымаючы ўдзел у выстаўцы «Мая будучая прафесія», малюе сябе як мастачку у галерэі ўласных карцін. Як гэта ні дзіўна, але ўжо тады, атрымліваецца, дзяўчынка вызначылася з выбарам будучай прафесіі, і з таго часу яна гарыць той жа марай – служыць выяўленчаму мастацтву.
Калі ў 2014 годзе ў Целяханскай дзіцячай школе мастацтваў адчынілася мастацкае аддзяленне, Наталля Аляксандраўна пераходзіць туды на працу настаўнікам і забірае сваіх самых таленавітых гурткоўцаў у першы клас школы мастацтваў. Майя была самай маленькай вучаніцай. Ёй тады споўнілася толькі сем гадоў. Яна ў той год стала двойчы першакласніцай: і школы мастацтваў, і сярэдняй школы. І ў школе мастацтваў яна ўсе гады навучання – круглая выдатніца. У сёлетнім навучальным годзе Майя рыхтуецца да выпускных экзаменаў у школе мастацтваў. Яна ўжо працуе над эскізамі выпускной творчай работы. Гэтая карціна павінна стаць галоўнай за ўвесь перыяд навучання ў школе. Думаеце, Майя хвалюецца? Хіба толькі крышку. Майя атрымлівае задавальненне ад працэсу стварэння работы. Яна ўся ў ім. І, вядома, будзе працаваць шчыра, да сёмага поту, каб атрымалася на вышыні.
Ці ёсць у гэтай дзяўчыны вольны час? Вольнага няма. Ёсць любімы час – калі ў рукі можна ўзяць пэндзаль. Сёння Майя актыўны ўдзельнік творчага жыцця школы мастацтваў. Аніводная школьная і гарадская выстаўка не праходзіць без яе ўдзелу. З першага года навучання Майя актыўна ўдзельнічае ў конкурсах, выстаўках раённага, абласнога, рэспублікан-
скага і міжнароднага ўзроўняў. У скарбонцы дасягненняў юнай мастачкі маюцца граматы і дыпломы розных ступеняў, медаль і кубак, стос падзяк, сертыфікатаў удзелу ў выстаўках і каштоўныя падарункі.
Вядома, самыя значымыя дасягненні – гэта перамогі апошніх гадоў, калі творчасць Майі стала больш асэнсаванай і выразнай. Яе настаўніца не надта любіць хваліць сваіх выхаванцаў, але як тут не сказаць, калі дзіця «пацалавана» талентам.
– Майя лёгка выконвае праграму навучання ДШМ, яна ўпэўнена працуе ў любых жанрах жывапісу, самастойна ўмее кантраляваць стварэнне творчай работы, – кажа Наталля Аляксандраўна, пад крылом якой адточваліся дзіцячыя ўменні. – У свае 12 гадоў яна валодае добрымі ведамі канструктыўнай пабудовы прадметаў з натуры, перадачай святлоценявых адносін, добра спраўляецца з мадэліроўкай прадметаў колерам. Майя валодае ведамі па камп’ютарнай графіцы, яна малюе і апрацоўвае выявы ў праграмах Paint Tool SAI, Microsoft Word, Photoshop, умее працаваць з графічнымі матэрыяламі, як да пракладу, пастэль, соўс і іншыя. Юная мастачка выдатна выконвае жывапісныя работы гуашшу, маслам, як з натуры, так і па ўяўленні.
Птушаня для высокага палёту ўзрошчвае настаўнік. Менавіта Наталля Аляксандраўна Фядковіч разгледзела ў Майі будучую працаўніцу і падтрымлівала яе працаздольнасць, спрыяла праяўленню ў творчай дзейнасці інтарэсу, мэтанакіраванасці і працалюбства. І шчасце для любога дзіцяці, калі яно пападае ў рукі такога таленавітага педагога. А Наталля Аляксандраўна і ёсць такі настаўнік. Калісь яна таксама вучылася майстэрству жывапісу ў таленавітага педагога Целяхан Канстанціна Сідзюка, які запаліў на ніве мастацтва жывапісу не адну беларускую зорку. І ці ёй не ведаць, як гэта важна – запаліць цікавасць і жаданне займацца справай, якая з часам становіцца любімай.
Два апошнія гады запар яе вучаніца Майя Капыціч станавілася ўдзельніцай выстаўкі творчых дасягненняў вучняў дзіцячых школ мастацтваў Беларусі, яе работы былі прадстаўлены ў Мінску на выстаўцы адораных дзяцей Беларусі пры падтрымцы спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Майя стала пераможцам у Рэспубліканскім конкурсе, які праводзіцца раз у тры гады Міністэр-
ствам культуры Рэспублікі Беларусь. Тыдзень вочных спаборніцтваў па трох кірунках: малюнак, жывапіс і кампазіцыя, былі раўназначнымі здачы ўступных іспытаў ва ўстановы краіны. Цяжка было заставацца моцным сярод самых моцных, а Майя ў малодшай узроставай групе зрабіла такі рывок, што стала пераможцам са званнем Лаўрэат трэцяй ступені з прысуджэннем грашовай прэміі. Дарэчы, Наталля Аляксандраўна таксама атрымала тады дыплом за падрыхтоўку лаўрэата Рэспубліканскага конкурсу.
Першая спроба ў конкурсе такога ўзроўню прынесла ў скарбонку Целяханскай школы мастацтваў важкую ўзнагароду, дарэчы, у гэтым конкурсе целяханская ўзнагарода была адзінай на ўсю Брэсцкую вобласць.

Гэтае дасягненне прывяло стасункі Майі з мастацтвам да таго, што яна стала стыпендыятам Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі і атрымала Пасведчанне аб назначэнні стыпендыі. 2020 год для дзяўчыны стаў сапраўды зоркавым. З прысуджэннем ганаровага звання стыпендыята яна стала яшчэ і пераможцам іншых конкурсаў.
Яскравая перамога была ў Майі на 14-м Міжнародным вочным фестывалі «Мы разам», які праходзіў у Брэсце. Майя стала лаўрэатам першай ступені ў намінацыі «Жывапіс» за творчую работу «Зіма па-целяханскі». Перамога Майі Капыціч у рэспубліканскім конкурсе малюнка «Вясёлая паездка з сябрамі на школьным аўтобусе» ад Брэсцкай вобласці прынесла дыплом першай ступені і падарункі не толькі ёй, а і роднай Целяханскай школе – школе быў падораны плазменны тэлевізар, газонакасілка і сертыфікат на абслугоўванне школьнага аўтобуса. Напрыканцы адыходзячага года Майя зноў становіцца пераможцам вочнага конкурсу – у яе дыплом першай ступені ў абласным конкурсе выяўленчага мастацтва «Арт-палітра», які прайшоў у Пінскім каледжы мастацтваў. Падчас конкурсу яна паспяхова выканала творчае заданне ў намінацыі «Малюнак» і прадставіла на выстаўку сваю творчую дамашнюю работу «Разумныя, творчыя, дужыя… Мы, моладзь Беларусi».

 

Валянціна БОБРЫК.
Фота Наталлі ФЯДКОВІЧ.