Каранавірус як апраўданне, каб… не ісці ў армію

Глабальная пандэмія COVID-19 значна змяніла жыццё многіх з нас. Але ж, тым не меней, працуюць заводы і фабрыкі, адміністрацыйныя ўстановы, магазіны, актыўна дзейнічае сфера сельскай гаспадаркі; рухаюцца цягнікі і аўтобусы… Але, як сведчыць выпадак, пра які хачу расказаць, covid-19 не можа служыць апраўданнем, каб не выконваць свой канстытуцыйны абавязак.
19-гадоваму Ш., жыхару Івацэвіцкага раёна, райваенкаматам і райбальніцай прадпісана накіравацца ў медустанову Брэста, каб прайсці вызначаныя медыцынскія працэдуры, якія звычайна праходзяць прызыўнікі перад тым, як быць закліканымі ва Узброеныя Сілы краіны. Але Ш. ніякіх дзеянняў не прадпрымае, як вынік, з Брэста паступае інфармацыя ў Івацэвіцкую райбальніцу і ў райваенкамат, што дадзены грамадзянін не з’явіўся ў абласной медыцынскай установе.
Ш. выклікаюць у Івацэвіцкі райваенкамат для тлумачэнняў, дзе ён безапеляцыйна паведаміў наступнае: мерапрыемствы ён праігнараваў таму, што баяўся захварэць на каранавірус, маўляў, сябра параіў нікуды не ехаць, а на старонках інтэрнэту ён прачытаў, што ў сувязі з эпідэміялагічнай абстаноўкай нікога не прызываюць у армію… Тлумачэнне дзіўнае, тым больш, што ўсе астатнія прызыўнікі з нашага раёна выканалі ўсе патрэбныя працэдуры.
Была ўзбуджана крымінальная справа.
У ходзе судовага пасяджэння Ш. віну сваю не прызнаў. У сваю чаргу супрацоўнікі райбальніцы і райваенкамата паведамілі, што зроблена было ўсё магчымае, каб не падвяргаць небяспецы здароўе прызыўніка – вызначаны канкрэтныя дні, адасоблены асобныя ўваходы ў медустановы для маладых людзей, каб яны не перасякаліся з хворымі – карацей, каб мерапрыемствы прызыву прайшлі максімальна бяспечна. Паўторымся, іншыя маладыя людзі з нашага раёна з разуменнем паставіліся да неабходнасці служыць у такі час, не спрабавалі «адкасіць».
Санкцыя суда – адзін год абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.
…Да мерапрыемстваў прызыву на службу трэба адносіцца максімальна адказна таму, што за адмову ад службы прадугледжана крымінальная справа. Калі любы з нас спозніцца на работу ці прагуляе працоўны дзень, то максімальнае пакаранне – звальненне. А вось ігнараванне службы ва Узброеных Сілах – аснова для ўзбуджэння крымінальнай справы.
Не забывай, моладзь, пра гэта!
Арцём ПАДАЛЯНЕЦ, суддзя суда Івацэвіцкага раёна.