У ААТ «Святая Воля» ўведзены ў строй новы малочнатаварны комплекс

Святочным пераднавагоднім настроем «дыхала» тэрыторыя адміністрацыйнага будынка ААТ «Святая Воля», дзе зіхацела ілюмінацыя, свяціліся фігуркі, міргалі гірлянды і ёлачкі. І на новым малочнатаварным комплексе ў Святой Волі, які запушчаны сёлета, ззяла навагодняе ўбранства, было бездакорна чыста, лічы, як у аптэцы, і ў дэталях праглядвалася сапраўдная зручнасць і гаспадарлівасць.
Адразу заўважу, на комплекс рэдакцыйным аўтамабілем мы не заехалі – тэрыторыя агароджана, з санпрапускніком для спецтранспарту гаспадаркі, а для аўто гасцей і спецыялістаў – стаянка. За прахадной – шэраг новенькіх будынкаў, тэрыторыя ўся ў асфальце з астраўкамі разроўненых клумбаў, на якіх, упэўнена, вясной зацвітуць кветкі. Роўненька і за агароджай.
На прахадной нас сустрэлі брыгадзір вытворчай брыгады Аксана Мігно і яе памочніца Галіна Гуцановіч. Мы пазнаёміліся са зменай аператараў машыннага даення, якая толькі скончыла дойку. Змена маладая, але Юлія Бондарава ўжо маці чатырох дзяцей. Муж знаходзіцца ў дэкрэце, а яна выйшла на работу. Ганна Абрамчук пасля школы прыйшла працаваць на ферму ў Турную, выйшла замуж за мясцовага хлопца, які працуе ў гаспадарцы механізатарам. Пасля нараджэння дачушкі маладой сям’і далі вясковы дом, які ў гаспадарлівых руках стаў «лялькай». Усе выгоды ў яго правялі, абладзілі, перарабілі. Святлана Радзюкевіч паўтара года назад пераехала з Лунінецкага раёна і тут шчыруе з дзяўчатамі. У яе дзеці ўжо вялікія. Усяго на комплексе працуе шэсць даярак: дзве ў адну змену, дзве – у другую, а дзве – у ролі загоншчыц. Але кадры падабраны так, што любая з іх можа замяніць калегу. Умовамі працы жанчыны задаволены. Яны створаны з улікам недахопаў Вялікагацкай фермы, і тут усё ідэальна – нават падлога ў даільнай зале з падагрэвам.

Для спецыялістаў умовы створаны добрыя. Як адзначыла брыгадзір Аксана Мігно, якой ёсць з чым параўноўваць, бо раней жанчына працавала ў Аброве, патрабаванні тут высокія, але і аплата такая ж – усё адпаведна. Аксану Іванаўну кіраўніцтва гаспадаркі цэніць за прафесіяналізм, яна брыгадзірам працуе толькі два апошнія месяцы, але зарэкамендавала сябе станоўча, а яшчэ яна і добры асемянатар. Комплекс запушчаны з канца студзеня бягучага года, і працэс папаўнення статку блізіцца да завяршэння.
Галоўны ветурач Аляксандр Макарэвіч, якога мы тут таксама сустрэлі, родам з Быцені, але пасля адпрацоўкі застаўся ў гаспадарцы. Дом атрымалі з жонкай, якая працуе на МТК «Вялікая Гаць», гадуюць двое дзяцей. Нагрузка ў яго вялікая, бо трэба паспець на абодвух комплексах, і ён спраўляецца.
Засталася працаваць у гаспадарцы і сям’я Сіткевічаў, 11-ы год пайшоў, як прыехалі яны ў Святую Волю маладымі спецыялістамі. Сёння галава сям’і – галоўны заатэхнік гаспадаркі, а жонка Наталля Юр’еўна – заатэхнік-селекцыянер на МТК «Святая Воля». Іх усё задавальняе. «Вёска прыгожая, гаспадарка моцная, ферма новая. Не шкадуем, што засталіся», – казала Наталля Сіткевіч. Яна з задавальненнем расказвала і пра сутнасць правя-
дзення селекцыйнай работы: «Усё пагалоўе занесена ў камп’ютарную базу, па кожнай карове мы можам пагля-
дзець, калі яна асемянялася, калі ацялілася, якія маніпуляцыі ёй праводзілі. Словам, уся радаслоўная вядзецца, а па рэскаўнтарах можна вызначыць нават дакладна, у якую гадзіну карова прыйшла ў ахвоту. Не наглядна па паводзінах вызначаць, а адсачыць гэты працэс з першага моманту. Вось такія цяпер тэхналогіі». Статак падзелены на тры тэхналагічныя групы: ад нуля да 100 лактацый, ад 100 да 200 лактацый і трэцяя – ад 200 і вышэй. Кожная стаіць у індывідуальных боксах.
– Па камп’ютары вы ведаеце кожную кароўку, а ў «твар»?– цікаўлюся.
– І ў «твар». Ёсць рагулі з характарам, але шчыра прызнаюся, ёсць у мяне любіміца. Яна такая спакойная, не магу прайсці, каб не абняць сваю пяшчотніцу.
І памочнік брыгадзіра Галіна Гуцановіч, якая працавала загадчыцай фермы ў Турной, дадала, што яе дзяўчаты, якія прыйшлі сюды працаваць з Турной, кароў са сваіх былых груп называюць «мае», глядзяць, шкадуюць, каб не адчувалі яны перамены.
Дружнай камандай, а інакш нельга, працуюць на новым комплексе. Кожны разумее, што вялікае малако залежыць ад усіх. Усё ўзаемазвязана – як спецыялісты паклапоцяцца, як аператар падоіць, як даглядчык накорміць, як слесар падрыхтуе абсталяванне…

Слова кіраўніку
Расказвае дырэктар ААТ «Святая Воля» Уладзімір Любушак:
– Два гады таму ў размове са старшынёй райвыканкама Аляксандрам Грыцуком мы прыйшлі да высновы, што фермы ў Святой Волі і ў Турной не адпавядаюць патрабаван-
ням часу і сумесна з кіраўніцтвам раёна вырашылі пачаць будаваць комплекс у Святой Волі. За першы год увялі паўфермы: два памяшканні для кароў і даільную залу «Вестфалія», у якой адначасова доіцца 36 кароў. На другі год прадоўжылі будаўніцтва і ўвялі памяшканне для цялятак, памяшканне сухастою, прафілактычнае памяшканне, даільную залу для раздою пасля расцёлу на шэсць кароў, памяшканне для рамонтных цялушак. Так атрымаўся закальцаваны ланцужок усяго тэхналагічнага працэсу – комплекс закрытага тыпу на 720 кароў, 200 цялушак, 280 цялят. На яго будаўніцтва затрачана 9 млн 492 тыс. рублёў, з якіх больш за 20 працэнтаў – уласныя сродкі прадпрыемства.
Што гэта дало? Па-першае, скараціўся штат работнікаў: раней на абодвух фермах працавала 15 даярак, цяпер – шэсць, па-другое, рэзка зменшылася колькасць абслугоўваемай тэхнікі, па-трэцяе, значна скараціліся затраты, звязаныя з выпасам жывёлы. Па-чацвёртае, па зарплаце па выніках года плануем выйсці на 1300 рублёў. І самае галоўнае, для якасці і вялікага малака створаны ўсе ўмовы.
Вядома, пакуль Святавольскі комплекс асвойваецца, асноўнае малако дае комплекс «Вялікая Гаць». Там надой на карову за 11 месяцаў бягучага года склаў 9599 літраў, а на комплексе ў Святой – 7051 літр, але на сённяшні дзень тут ідзе паступовае павелічэнне. Плануем за год па гаспадарцы ад кожнай каровы надаіць па 9200 літраў. Таварнасць малака – 96 працэнтаў на дадзены момант. Да ўзроўню мінулага плюс 5 працэнтаў. І па якасці значны зрух – усё малако здаецца гатункам «экстра».
У Турной, дзе стаяла 400 галоў кароў, будуць створаны ўмовы для ўтрымання ў больш камфортных умовах 400 галоў бычкоў. Работы пачаліся, а ўжо з наступнага года плануецца кінуць на гэта ўсе сілы.
Карыстаючыся выпадкам, хачу павіншаваць калектыў з надыходзячымі святамі, падзякаваць усім за плённую працу і пажадаць поспехаў, шчасця і дабрабыту. Няхай у кожнай сям’і будзе мір і спакой, і нагода для радасці.

Валянціна БОБРЫК.
Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.