Падзяліліся сваёй прыгажосцю!

Калі вы будзеце рухацца па Целяханах у вячэрні час, то не забудзьце павярнуць на вуліцу Меліяратараў. Гэты дом №19 пазнаеце здалёк: ён ззяе, ён заклікае ў казку. Тут пражывае маладая сям’я Вадзіма і Ніны Канановічаў, якія лічаць, што прыгажосці многа не бывае і што на гэтым свеце трэба жыць ярка.

Невыпадкова дадзенае домаўладанне ў чарговы раз увайшло ў лік лепшых у Івацэвіцкім раёне па навагоднім афармленні.
Хаця, самі разумееце, снежань не самы спрыяльны месяц для таго, каб любавацца прыдамавой тэрыторыяй. Усё ж такі ў цёплы перыяд года больш радуюць вока фарбы лета. Толькі не ў гэтым выпадку: гаспадыня дома Ніна Канановіч з такой вытанчанасцю абустроіла дом і тэрыторыю вакол, што аўтар толькі языком цмокаў.
Упэўнены, што гаспадар і муж Вадзім не пакрыўдзіцца, бо і сам пацвердзіў: жонка яго – «рухавік» працэсу ўпрыгожвання і аздаблення дома, а таксама тэрыторыі вакол. «Артэфакты» прыгажосці вылучаюцца сваёй высакароднасцю: таннага тут няма, а кованыя ліхтары ці веласіпед, бетонныя кветнікі ці фантан – усё даспадобы, усё выбрана і расстаўлена з густам.
Асаблівая любоў гаспадыні Ніны – туі, якіх на ўчастку каля 50 дрэў. Яны зараз ззяюць ілюмінацыяй, нібы навагоднія елкі, хаця туя – даволі капрызная культура, ёй не так проста дагадзіць, каб расла, не хварэла, радавала вока.
– У летні перыяд цэлымі днямі праводжу праполку, паліў – поўны догляд раслін. Вельмі расстройваюся, калі бачу, што хварэе дрэўца, калі яму штосьці не хапае. Ужо магу стаць кансультантам пытаннях «туявядзення». Няпроста ўсё гэта, але такая работа мне ў радасць, стома ад яе прыемная…
Вадзім і Ніна сталі мужам і жонкай 13 гадоў назад, яны выхоўваюць дваіх дзетак, давялі да ладу дом (на гэтыя мэты бралі ў банках крэдыты). «Працэс упрыгожвання дома і прыдамавой тэрыторыі бясконцы, – сказалі на развітанне Вадзім і Ніна, – і мы знойдзем яшчэ чым здзівіць і парадаваць і сябе, і ўсіх тых, каму даспадобы наша прыгажосць».
Аляксандр ГОРБАЧ. Фота Ганны ІЛЬЯШЭВІЧ.