Сёння 20-гадовы юбілей у першынца XXI стагоддзя Івацэвіцкага раёна

Уладзіслаў Пушкар нарадзіўся 2 студзеня 2001 года і адкрыў сезон нараджэнняў XXI стагоддзя ў радзільным аддзяленні нашай райбальніцы. У далёкім 2001-м перад самай выпіскай да маладой маці Святланы Зізінай і яе малодшага сыночка нечакана з падарункамі наведаліся прадстаўнікі раённай улады і «Івацэвіцкага весніка».

Таго «зорнага часу» наш Уладзіслаў, канечне, не памятае, так як і другі візіт карэспандэнтаў райгазеты. Напярэдадні першага дня нараджэння мы віншавалі Уладзіка з надыходзячым 2002 годам.

Падораны гасцямі плюшавы заяц быў любімай цацкай у хлопчыка доўгі час. Дык вось, сёння наш газетны сябар адзначае 20 гадоў, значны юбілей. Як рос наш хлопчык, чым ён цікавіцца зараз і аб чым марыць напярэдадні навагодніх свят? Пра гэта і не толькі мы пагутарылі з Уладзіславам Пушкаром падчас сустрэчы ў рэдакцыі.

На парозе з’явіўся высокі, статны, прыгожы юнак, такі ж круглатвары, як і на фота ў годзік. Аказалася, літаральна ўчора Улад прыйшоў з арміі! Вось дык цуд – мы і самі не заўважылі, што ў лістападзе чарговы раз успаміналі юнака на газетнай старонцы, калі пісалі пра выдатнікаў службы.

– Я адслужыў паўтара года на 174 вучэбным палігоне ВПС і войскаў СПА, – расказвае Уладзіслаў. – Служыў добра, заўваг да мяне не было, бо я ішоў аддаваць доўг з задавальненнем. Нават у думках не было варыянту «адкасіць». Падчас службы не аднойчы дзякавалі і маёй матулі за выхаванне сына, а ў лістападзе мне далі грамату за бездакорную службу. Дык вось, я і не ведаў, што пра гэта напісалі ў газеце. Мая маці, а яна працуе за мяжой, дазванілася нам з бабуляй у Беларусь. Сказала купляць «ІВ». Так наша калекцыя газет папоўнілася!

Далей наш герой расказаў, як рос, вучыўся ў школе. Выдатнікам Улад не быў, аднак вельмі захапляўся спортам у школьныя гады, выступаў на спаборніцтвах рознага кшталту па футболе і баскетболе. Такая загартоўка вельмі дапамагла пасля ў арміі. Уладзіслаў прызнаўся, што рос тым яшчэ гарэзам, дадаваў клопату матулі Святлане і бабулі Тамары Іванаўне. Так, бабуля вельмі дапамагала ў выхаванні хлопчыка, таму яе юнак лічыць другой маці. Дарэчы, менавіта бабуля ў сям’і – галоўны захавальнік архіву газет з матэрыяламі пра ўнука! Напярэдадні чарговай нашай сустрэчы Уладзіслаў прагледзеў газеты, колькі часу прайшло, як ён змяніўся, колькі падзей адбылося. І добра, што ёсць такія архіўныя фота і пажоўклыя газеты – не ў кожнага дома такая рэліквія. Асаблівая ўвага ад улады і ад раёнкі – хіба толькі гэта дадае даце нараджэння юнака нейкай асаблівасці. У астатнім Уладзіслаў лічыць сябе звычайным чалавекам.

– А ў якой кампаніі часцей за ўсё адзначаеш Новы год і дзень нараджэння? – пытаюся.

– Як калі, але ў мінулым годзе адзначаў святы ў арміі, больш сціпла, канечне, ва ўмовах рэжыму. Таму ў гэтым годзе хачу пабыць з сям’ёй, хутка прыедзе матуля, у мяне тут жывуць дзве бабулі, сястра Вольга з мужам і двое пляменнікаў – Захар і Віталіна. Усяго некалькі тыдняў таму я пераступіў парог дому пасля доўгага раставання, ранкам яшчэ ўсё прачынаюся па рэжыме (смяецца). Зараз трэба шукаць работу і ўладкоўвацца ў жыцці, ужо з пачуццём выкананага доўга перад Радзімай.

– А калі праз дзесяць гадоў мы зноў пра цябе напішам, з якім багажом ты б хацеў прыйсці да нас у чарговы раз?

– Тады мне дакладна будзе 30, і я хачу ўжо мець свой куток. Добра, калі гэта будзе дом. Я хацеў бы мець сям’ю і дзетак, канечне, любімую справу. Усё стандартна, і ў гэтым стандарце бачу сваё шчасце.

А мы вельмі радыя, што наш чарговы нумар трапіць у сямейны архіў вялікай сям’і першынца тысячагоддзя. Ён вырас прыгожым, моцным, абаяльным і вельмі ж сціплым юнаком. Калектыў рэдакцыі віншуе Уладзіслава з надыходзячым Новым годам і 20-гадовым юбілеем! Будзь здаровым і шчаслівым, няхай жыццё табе, такому маладому, падкідвае толькі прыемныя сустрэчы і новыя, вялікія і маленькія, перамогі!

Наталля ГЕРБЕДЗЬ, фота аўтара.