Дзед Мароз пастукаў у акенца

Па-сапраўднаму казачна праходзіла віншаванне дзяцей, якія аказаліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, а таксама дзеці, прызнаныя ў неабходнасці дзяржаўнай абароны. Дзед Мароз і Снягурка па вёсках, аграгарадках і г. Івацэвічы стукалі ў акенца, каб павіншаваць дзятву, а заадно прыцягвалі ўвагу да сябе ўсіх вясковых дзяцей, якія, як да прыкладу, у Амяльной прасілі дакрануцца яго пушыстай барады, каб загадаць запаветнае жаданне. Дарослыя, якія сустракаліся на шляху казачнага шэсця, таксама расказвалі з ахвотай вершы Дзеду Марозу.

Арганізатарам правядзення ў такім незвычайным фармаце акцыі «Афіцэры дзецям» у рамках акцыі «Нашы дзеці» і акцыі Івацэвіцкай раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа «Ёлка жаданняў» стаў ДУА «Сацыяльна-педагагічны цэнтр Івацэвіцкага раёна». У ролі Дзеда Мароза і Снягуркі выступалі афіцэры ПУ «Папраўчая калонія №5», якія на працягу 28 і 30 снежня віншавалі малых з навагоднімі святамі, а падарункі 35 дзецям з аграгарадкоў Даманава, Падстарынь, Вулька-Аброўская, г. Івацэвічы, пас. Зялёны Бор, вв. Волька, Глінная, Краглевічы падрыхтавалі, дзякуючы індывідуальнаму прадпрымальніку Людміле Кавальчук, супрацоўнікам папраўчай калоніі №5, кіраўніку Івацэвіцкай раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Жанне Каспяровіч. Падарункі былі самыя розныя: ад набораў цукерак да набораў садавіны, канцылярскіх тавараў, адзення.
А кульмінацыйным акордам акцый стала самае незвычайнае віншаванне траіх дзяцей, якія аказаліся на каранцінных мерапрыемствах ва УАЗ «Івацэвіцкая ЦРБ». Дзед Мароз і Снягурка перадалі падарункі супрацоўнікам Івацэвіцкага РАНС, якія пад’ехалі на самай сапраўднай пажарнай машыне, па пажарнай лесвіцы ўзабраліся да чацвёртага паверха райбальніцы і пастукалі ў акно палаты.

У дзяцей ад нечаканасці дух заняло, але гэта была такая радасць! Радасць са смехам, ладкамі і слязамі на вачах – аб такім віншаванні яны і не марылі. Супрацоўнікі МЧС у поўнай экіпіроўцы і з барадой Дзеда Мароза працягнулі падарункі праз расчыненае акно палаты, дзе знаходзіліся двое хлопчыкаў і дзяўчынка, павіншавалі іх з надыходзячымі святамі і пажадалі ім моцнага здароўя і веры ў цуды, якія, калі моцна-моцна верыць, абавязкова збываюцца.
Дырэктар ДУА «Сацыяльна-педагагічны цэнтр Івацэвіцкага раёна» Ала Хвяшчук ад імя калектыву дзякавала за дапамогу ў правядзенні такога адказнага «дэсанта», дазвол на які атрымлівалі ў Брэсце, супрацоўнікам Івацэвіцкага райаддзела па надзвычайных сітуацыях, кіраўніцтву Івацэвіцкай райбальніцы.
І няхай ва ўсе часы ў дарослых для ажыццяўлення самых неверагодных цудаў у жыцці нашых дзяцей будзе многа месца, часу, сіл і ахвоты. Цуды павінны збывацца.
Валянціна БОБРЫК.