Называў бацькам, а пасля… абакраў

Жыхар Івацэвічаў Р., якому каля 20 гадоў, працаўладкаваўся ў адну з арганізацый раёна. Каб хутчэй адаптавацца і зразумець сутнасць работы, кіраўніцтва прызначыла яму настаўніка – вопытнага работніка прадпрыемства, які ўзяў пад апеку навічка. Гэтыя супрацоўнікі, малады і вопытны, выконвалі многія прафесійныя абавязкі разам, у адной машыне рухаліся па нашым раёне – вырашалі самыя разнастайныя задачы, пастаўленыя кіраўніцтвам. Р. нават казаў, што гэты старэйшы калега стаў для яго нібы бацька родны, але пры гэтым у адзін з дзён Р. здзейсніў вельмі непрыгожы ўчынак.
Калі яго старшы партнёр вырашаў свае справы і пакінуў банкаўскую плацежную картку ў салоне аўтамабіля, то Р., які быў у той момант у машыне, непрыкметна ўзяў яе ў рукі і сфатаграфаваў з абодвух бакоў. Пасля паклаў на месца. Цераз некалькі дзён Р. трапляе на бальнічны ложак, дзе ён «засумаваў» і пачаў купляць праз інтэрнэт-магазіны розныя рэчы – няхай і недарагія. Разлічваўся карткай свайго калегі, бо валодаў яе рэквізітамі.
Праз пэўны час гаспадар карткі бачыць, што на яго карт-рахунку стала менш грошай. Спачатку звярнуўся ў бухгалтэрыю прадпрыемства, а там развялі рукамі – мы вам усё выплацілі. Пасля накіраваўся ў банк, дзе пацвярджаюць спісанні грошай неўстаноўленай асобай. Мужчына накіраваўся ў міліцыю.
…Р. трапіў на лаву падсудных. Ён па законе адказаў за свой непрыгожы ўчынак. Але ці не меней крыўднымі павінны былі стаць словы старэйшага калегі ў зале суда ў адрас Р.: «Я з гэтым чалавекам размаўляць не жадаю…» Як бачыце, вельмі хутка можна страціць давер і павагу…

Арцём ПАДАЛЯНЕЦ, суддзя суда Івацэвіцкага раёна.