Вадзіцельскае пасведчанне сапраўднае яшчэ паўгода

У райгазету звярнуўся Аляксей Іванавіч Ш., жыхар Івацэвічаў, пенсіянер, які просіць патлумачыць наступнае: ці праўда, што ў сувязі з пандэміяй COVID-19 тэрмін дзеяння вадзіцельскага пасведчання падоўжыўся? Ходзяць такія чуткі, ці можна ім давяраць? 11 студзеня ў гэтага нашага чытача заканчваецца тэрмін дзеяння вадзіцельскага пасведчання (выдаецца на 10 гадоў), трэба ехаць у Бярозаўскае МРЭА, але знаёмыя раяць Ш. не спяшацца, бо, маўляў, у сувязі з пандэміяй каранавіруса тэрмін дзеяння пасведчанняў падоўжаны…
Супрацоўнік «ІВ» з вышэйзгаданым пытаннем звярнуўся да Дзмітрыя Юдзіка, старшага дзяржаўтаінспектара АДАІ Івацэвіцкага РАУС. Вось адказ:
– Гэта не чуткі, гэта – праўда. Тэрмін дзеяння вадзіцельскага пасведчання падоўжаны на 6 месяцаў. З мэтай адзінага прымянення норм Указа Прэзідэнта Беларусі ад 25.11.2020 года №687 «Аб дакументах, тэрмін дзеяння якіх падаўжаецца» паведамлю наступнае:
1. Тэрмін дзеяння даведак і іншых дакументаў, выдадзеных зацікаўленым асобам, у тым ліку пры ажыццяўленні адміністрацыйных працэдур, тэрмін дзеяння якіх закончыўся або заканчваецца ў перыяд з 10 лістапада 2020 года да 10 мая 2021 года ўключна, працягваецца на шэсць месяцаў.
2. Да дакументаў, тэрмін дзеяння якіх падаўжаецца на шэсць месяцаў, у сферы забеспячэння бяспекі дарожнага руху адносяцца:
– вадзіцельскае пасведчанне на права кіравання транспартным сродкам;
– медыцынская даведка аб стане здароўя;
– пасведчанне аб рэгістрацыі транспартнага сродку;
– акт агляду транспартнага сродку;
– допуск да здачы практычнага кваліфікацыйнага экзамену на права ўпраўлення механічным транспартным сродкам, за выключэннем калёснага трактара.
3. Пры выяўленні супрацоўнікам ДАІ факта ўпраўлення транспартным сродкам асобай, тэрмін дзеяння ва-
дзіцельскага пасведчання якога выйшаў (выходзіць) у вышэйзгаданы перыяд, пачатак адміністрацыйнага працэсу па арт. 18.19 КаАП не дапускаецца.
Такім чынам, калі 12 студзеня супрацоўнік ДАІ спыніць аўтамабіль, якім кіруе Аляксей Іванавіч Ш., то ён не прыцягне вадзіцеля да адказнасці за пратэрмінаванае пасведчанне. Тэрмін дзеяння пасведчання падоўжаны на 6 месяцаў, да 12 ліпеня яно яшчэ сапраўднае, але яго, зразумела, прыйшоў час замяніць.
Падрыхтаваў Аляксандр ГОРБАЧ.