Івацэвіцкаму народнаму тэатру «Авацыя» – 25 гадоў

Пераможцам у намінацыі «Лепшае мастацкае рашэнне» на абласным аматарскім фестывалі тэатральнага мастацтва «Тэатральнае Палессе-2020» прызнаны спектакль па меладраме Б. Лурмана, К. Пірса «Мулен Руж» у выкананні народнага драматычнага тэатра «Авацыя» Івацэвіцкага ГДК (рэжысёр Валянціна Кулецкая).
Спецыяльным Дыпломам «За вернасць і адданасць тэатральнаму мастацтву» ўзнагароджаны рэжысёр на-
роднага тэатра Валянціна Кулецкая. Узнагароды сталі своеасаблівым падарункам да 30-годдзя з дня заснавання тэатральнага калектыву ў Івацэвічах і 25-годдзя з дня прысваення яму звання «Народны».
Чвэрць стагоддзя аддана жывуць сцэнай у сярэднім 25 чалавек розных прафесій, для якіх тэатр – гэта
больш чым захапленне. Гэта жыццё ў своеасаблівым вымярэнні. Тэатр пры Івацэвіцкім ГДК быў створаны ў 1990 годзе, а званне «Народны» калектыў атрымаў у снежні 1995 года пры Юрыі Кулецкім.
12 апошніх гадоў, са жніўня 2008 года, яго натхняе прафесіянал, дыпламат, педагог і рэжысёр, які дасканала валодае сакрэтамі тэатральнага мастацтва, – Валянціна Кулецкая. Валянціна Пятроўна на ніве мастацтва шчыруе ўжо 50 гадоў, з іх 30 – у Івацэвічах, і не стамляецца шукаць і знаходзіць творчыя ідэі, адкрываць новыя імёны, быць бездакорным аўтарытэтам сярод акцёраў, калег і гледачоў. Яна, хударлявая, сціплая, з блакітнымі вачамі і невялікага росту жанчына, ціхім голасам умее трымаць увагу залы, непрыкметна сцішвае і падпарадкоўвае шумлівую дзятву і чаруе дарослых. Валянціна Пятроўна – дэмакратычны кіраўнік, які працуе па сваёй дакладнай, арганізаванай сістэме. У яе ўсё ў звязцы: выхаванне, ідэя, думка, арганізацыйныя і тэхнічныя пытанні. Галоўным яе памочнікам, сябрам і аднадумцам, харэографам вось ужо 12 гадоў з’яўляецца яе вучаніца Наталля Куратнік – мастак-пастаноўшчык тэатра.
На сённяшні дзень у складзе тэатра як моладзь, так і ўдзельнікі ва ўзросце да 57 гадоў. Усё, што створана рукой Кулецкай, кожны спектакль, кожная сцэнка і сцэна – адточана на ўсе «сто», і нашаму раёну варта быць
удзячнаму гэтаму чалавеку, які ўмее пакараць сваёй таленавітай работай. Упэўнена, што бурныя апладысменты і аншлагі яна заслужыла б на сцэне любога ўзроўню, а пашанцавала Івацэвічам.
Плённым выдаўся юбілейны год для тэатра. Чатыры прэм’еры – гэта вам не жарт. Івацэвіцкі народны драматычны калектыў працаваў над спектаклем па творы Я. Коласа «За дождж», над новай тэатральна-гумарыстычнай праграмай «Ба! Знаёмыя ўсе твары!..», над спектаклем па сцэнарыі Б. Лурмана і К. Пірса «Мулен Руж» і над спектаклем па п’есе У. Панфілава «Ледзяны Стары супраць Дзеда Мароза».

У лютым 2020 года тэатр прымаў удзел у абласным свяце роднай мовы «Жывыя вытокі», дзе прадставіў паказ паэтычна-пластычнага спектакля па творы Я. Коласа «За дождж». Калектыў атрымаў Грамату за ўдзел у свяце.
Новая тэатральна-гумарыстычная праграма «Ба! Знаёмыя ўсе твары!..» была паказана ў верасні і мела вялікі поспех у гледачоў. Над меладрамай «Мулен Руж» працавалі болей за 30 акцёраў, вынік – два дыпломы абласнога ўзроўню. А навагодні спектакль «Ледзяны Стары супраць Дзеда Мароза» парадаваў дзятву і напрыканцы мінулага і ў пачатку сёлетняга года.
Неаднаразова за год тэатр працуе ва ўрочышчы Марачоўшчына, на радзіме Тадэвуша Касцюшкі. Там адбываецца паказ спектакляў пад адкрытым небам «Каханне навек сэрцамі нашымі сагрэта», «Галубкі не для шэрых вераб’ёў», «Нарадзіўся я ліцвінам». Вельмі карпатлівай была праца акцёраў калектыву над тэатралізаваным пралогам, прысвечаным 500-годдзю Івацэвічаў, у прадстаўленні якога было знята звыш 450 чалавек. Памятаецца і сёння, якой цудоўнай была ігра акцёраў у спектаклі па рамане Ф. Скота «Вялікі Гэтсбі» і па п’есе Я. Райніса «Вей, ветрык». Тэатраль-
ная гумарыстычная праграма «Ба! Знаёмыя ўсе твары!..», заўсёды доўгачаканая культурная падзея горада і раёна, карыстаецца поспехам у гледачоў з 2007 года і збірае поўныя залы.
Лічу, Івацэвіцкаму тэатральнаму калектыву пашанцавала, як нікому, бо хто не марыць расці ў руках майстра? І для Валянціны Кулецкай тэатр – гэта самая важная прыступка, узаемная любоў усяго жыцця. Творчыя поспехі Валянціны Кулецкай адзначаны медалём ЦК ВЛКСМ ВЦСПС, медалём «За працоўныя дасягненні», Дыпломам лаўрэата 1-га Усесаюзнага фестывалю самадзейнай творчасці працоўных, Ганаровай граматай Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і іншымі шматлікімі ўзнагародамі. Імя Валянціны Кулецкай увайшло ў кнігу «Сто асоб рупліўцаў на ніве народнага мастацтва Беларусі» і было двойчы занесена на раённую Дошку Гонару.

Валянціна Бобрык.
Фота з архіва тэатра.