Каб не падала тынкоўка на галаву

У райгазету паступіў зварот ад аднаго з жыхароў новай пяціпавярхоўкі №17 «б» па вуліцы 17 Верасня ў
г. п. Целяханы. Дадзены дом некалькі гадоў назад быў пабудаваны і заселены. Гэты наш чытач паведаміў, што ёсць пэўныя пытанні да будаўнікоў, якія ўзвялі шматпавярхоўку. Так, у адзін з дзён пачала сыпацца тынкоўка ў пад’ездзе, яна нават трапіла на галаву дзіцяці, якое ў гэты момант знаходзілася на лесвіцы.
– Аб траўме дзіцяці гутарка не вядзецца, бо гэта быў лёгкі раствор, тым не меней, тое сведчыць аб тым, што работа зроблена няякасна, – гаворыць гэты жыхар шматпавярхоўкі. – Калі мы на стадыі ўзвядзення дома звярталіся да будаўнікоў, то яны адказвалі, што, маўляў, сацыяльнае жыллё. І так, маўляў, нармальна. Няўжо для шматдзетных сем’яў можна будаваць няякасна?
Супрацоўнік «ІВ» патрапіў у дадзены дом у Целяханах якраз у той дзень, калі сіламі Івацэвіцкай ПМК-18 вёўся рамонт пад’езда – таго ўчастка над лесвічнай пляцоўкай, адкуль сыпалася тынкоўка. Генадзь Сідарчук, галоўны інжынер гэтай будаўнічай арганізацыі, патлумачыў наступнае:
– Дадзены ўчастак столі над лесвічным пралётам мы зашпаклявалі і пафарбавалі – мы абавязаны гэта зрабіць, бо дом знаходзіцца на гарантыйным абслугоўванні (на пяць гадоў). На гэтыя мэты акумулююцца сродкі і на працягу пяці гадоў яны могуць быць зрасходаваны менавіта на абслугоўванне дадзенага дома. Не згодзен з тым, што такое жыллё для шматдзетных узводзіцца няякасна, бо яно, маўляў, сацыяльнае; сваю работу працаўнікі ПМК-18 заўсёды імкнуцца выканаць максімальна добра.
Падрыхтаваў Аляксандр ГОРБАЧ.