Жыхары в. Любішчыцы здзейснілі крадзёж у дачным пасёлку

Двое мужчын з Любішчыцаў, абаім каля 50 гадоў, у адзін з дзён запрэглі каня ў воз і накіраваліся ў дачны пасёлак, які знаходзіцца за Грыўдай, прыкладна за 3-4 кіламетры ад Любішчыцаў. Гэты пасёлак абое ведаюць някепска, бо падпрацоўвалі тут у летні час, а цяпер, зімой, яны ведалі, што тут можна някепска пажывіцца.
Як вынік, укралі дзве ванны, металічныя слупкі. Загрузілі на воз і павезлі ў Панкі, дзе ёсць пункт прыёму металічных вырабаў. Зарабілі грошай, бо метал сёння каштуе нямала. Але ў хуткім часе да іх прыехалі супрацоўнікі райаддзела міліцыі, бо паступіў сігнал аб крадзяжы ад аднаго з гаспадароў дачнага доміка ў вышэйзгаданым пасёлку.
У пачатку года такая ж ванна была ўкрадзена з падворка ў в. Аўсто, а ў Косаве з нежылога дома – швейная машынка. Такія нежылыя дамы і дачныя домікі па-ранейшаму «жаданая» мішэнь для зладзеяў.
Аляксандр КІКУН, начальнік аддзялення крымінальнага вышуку Івацэвіцкага РАУС.